Нямецкія ўлады мяркуюць, што яны перадавалі кітайскаму боку засакрэчаную інфармацыю пра высокія тэхналёгіі, якія ўжываюцца на флёце.
Усе трое арыштаваных — грамадзяне Нямеччыны. Адзін зь іх, на думку сьледзтва, быў завэрбаваны кітайскімі спэцслужбамі. Двух іншых — уладальнікаў фірмы, зьвязанай з тэхналягічнымі распрацоўкамі, — ён выкарыстоўваў у якасьці крыніц інфармацыі.
Міністарка ўнутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр і міністар юстыцыі Марка Бушман заявілі, што актыўнасьць выведкі Кітаю ў галіне бізнэсу, прамысловасьці і навукі апошнім часам узрастае, і Нямеччыне трэба праяўляць больш асьцярожнасьці ў гэтых адносінах.
Амбасада Кітаю ў Бэрліне апублікавала заяву, у якой назвала абвінавачаньні ў шпіянажы ілжывымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайцы шпіёнілі за кампаніяй Volkswagen. Скрадзены тысячы файлаўТаксама ў панядзелак у Вялікай Брытаніі двум раней арыштаваным грамадзянам краіны прад’явілі абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Кітаю. На думку праваахоўных органаў, яны перадавалі кітайскім спэцслужбам сакрэтную інфармацыю. Адзін з падазраваных працаваў асыстэнтам у брытанскім парлямэнце, пра заняткі другога не паведамляецца. Кітайскае прадстаўніцтва ў Лёндане назвала абвінавачаньні ў шпіянажы сфабрыкаванымі і паклёпніцкімі.
Меркаваньняў пра сувязь нямецкіх і брытанскіх падазраваных паміж сабой не прыводзіцца.