Пра такія пляны ведамства паведаміла ў сваім тэлеграм-канале. Паводле кіраўніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, зацьверджаныя такія напрамкі, як «стварэньне айчынных апэрацыйнай сыстэмы, сыстэмы забесьпячэньня асяродзьдзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і вэб-аглядальніка».
Рэалізацыя гэтых праектаў зьяўляецца «важнай задачай для забесьпячэньня стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацый і якаснага жыцьця для грамадзян», — сказаў міністар.
«Безумоўна, гэта няпростая задача, — адзначыў ён. — У нас распрацаваны плян дзеяньняў па стварэньні „лічбавага сувэрэнітэту“, які мы рэалізуем. Пілётныя праекты — гэта форма супрацоўніцтва з айчыннымі ІТ-распрацоўнікамі, якія зьяўляюцца як пастаўшчыкамі, так і карыстальнікамі заяўленых у якасьці ключавых лічбавых рашэньняў».
«Наяўнасьць уласнага сыстэмнага праграмнага забесьпячэньня дазваляе быць незалежнымі ад імпартных рашэньняў і ўпэўненымі ў магчымасьці яго самастойнага разьвіцьця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — падкрэсьліў Шульган.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратара сувязі МТС у Беларусі ўзначаліў экс-начальнік КДБ па Менску і Менскай вобласьціПералік зацьверджаных кірункаў, дадаў кіраўнік ведамства, «не зьяўляецца канчатковым». Неўзабаве абвесьцяць новыя.
Міністар Канстанцін Шульган уваходзіць у санкцыйны сьпіс ураду Канады. Яшчэ ў 2019 годзе, камэнтуючы абмежаваньні на інтэрнэт у Расеі, чыноўнік пераконваў, што Беларусь ня мае плянаў ізаляваць сеціва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі адключалі YouTube і ці могуць яго заблякаваць цалкам. Разьбіраемся з экспэртам