Нападнік «Калгары Флэймз» Ягор Шаранговіч пабіў рэкорд па колькасьці выніковых балаў для беларускіх гульцоў за адзін сэзон. Ён набраў 59 пунктаў у 82 гульнях. На ягоным рахунку 31 шайба і 28 перадач.
Шаранговіч пабіў рэкорд Міхаіла Грабоўскага, які ў 2011 годзе набраў 58 (29+29) выніковых балаў.
Сваё дасягненьне Шаранговіч пракамэнтаваў у жартоўнай форме: «Грабоўскі ўсё яшчэ злуецца. Так і не патэлефанаваў мне», — прыводзіць ягоныя словы «Трыбуна».
Словы хакеіста, зрэшты, ня большыя за жарт. Насамрэч Грабоўскі і Шаранговіч у добрых адносінах. Як пісала газэта Calgary Herald, Грабоўскі нават браў свайго сына на адзін з матчаў «Калгары», а таксама гульцы сустракаліся на абед, калі Шаранговіч са сваёй камандай прылятаў у Таронта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеісты жлобінскага «Мэталюргу» павіншавалі беларусаў з Днём беларускага пісьменства. ВІДЭАРаней Ягор Шаранговіч выступаў за менскае «Дынама», затым пераехаў за акіян, дзе ягонай першай камандай стаў «Нью-Джэрзі Дэвілз».
Шаранговіч дэбютаваў у НХЛ у 2020 годзе. У чэрвені яму споўніцца 26 гадоў. Міхаіл Грабоўскі раней адзначаў, што Ягор можа закінуць і 50 шайбаў за адзін сэзон.
Рэкорд выніковасьці за адзін сэзон пабіты, але Грабоўскаму належыць іншае дасягненьне. Ён правёў найбольшую колькасьць гульняў (534) і набраў найбольшую колькасьць выніковых балаў (296) за кар’еру сярод усіх беларусаў, якія калі-небудзь выступалі ў НХЛ. Шаранговіч пакуль далёка, ягоны паказьнік: 287 матчаў, 165 балаў (84+81).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША адбылася крэмацыя цела беларускага хакеіста Канстанціна Кальцова