Паводле сябра, які прасіў не называць ягонае імя з прычынаў бясьпекі, Андрэй Дзьмітрыеў вельмі задаволены, што скончыўся ягоны тэрмін зьняволеньня, адчувае сябе нармальна і «перадае прывітаньне ўсім сябрам і знаёмым людзям, якія за яго перажывалі».
Ад камэнтароў Андрэй Дзьмітрыеў пакуль адмаўляецца, паведаміў суразмоўца Свабоды. Ён толькі сказаў, што «пакуль ня верыць ў тое, што ўжо на волі».
«Тыдзень дакладна ні з кім размаўляць ня будзе, хоча прыйсьці ў сябе. Пра апошнія месяцы ў калёніі распавядаў, што зьмяніў прафэсію, замест ачысткі дратоў зьбіраў зэдлікі ды іншую простую мэблю. У вольны час чытаў, наведваў спартовую пляцоўку, пры магчымасьці хадзіў у храм. Ні на што ня скардзіўся», — распавёў сябар Дзьмітрыева.
Палітык цалкам адбыў прызначаны яму тэрмін зьняволеньня.
Андрэй Дзьмітрыеў ачольваў грамадзкую арганізацыю «Гавары праўду», закрытую ўладамі ў 2021 годзе.
Былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Дзьмітрыева затрымалі ў студзені 2023 году і праз тры месяцы асудзілі на 1,5 зьняволеньня паводле 1-й часткі 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Сваёй віны Дзьмітрыеў не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.
У траўні 2023 году памерла маці Андрэя Дзьмітрыева, але на пахаваньне палітыка не адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Дзьмітрыеў у калёніі выконвае працоўную норму і вучыцца пісаць левай рукой