Калі заходзіць гаворка пра сэкс-асьвету, часта ўзьнікае пытаньне пра ўзрост дзяцей. Ёсьць такое меркаваньне, нібыта палавое выхаваньне можа выклікаць у дзіцяці лішні інтарэс уласна да сэксу. Адпаведна, робіцца выснова, што да пубэртату гаварыць пра гэта — нейкае глупства, а ў пэрыяд пубэртату лепей таксама лішні раз не нагадваць, што сэкс увогуле існуе.
Так, зрэшты, можна ў выніку проста сказаць: «Ай, яны ўжо ўсё даведаліся ад сяброў ці з інтэрнэту, навошта пра гэта ўвогуле размаўляць?».
Але ў розным узросьце такая адукацыя выконвае розныя функцыі. Для самых маленькіх яе функцыя адна — гэта абарона ўласна дзяцей. Вядома, ідэйныя праціўнікі і праціўніцы сэкс-асьветы могуць абвінаваціць мяне ў тым, што я зусім ужо звар’яцела і прапаноўваю расказваць маленькім дзецям пра сэкс. Але не, зусім маленькім расказваюць зусім не пра гэта.
Іх вучаць таму, што ёсьць дазволеныя і забароненыя дотыкі, хто і пры якіх абставінах можа прасіць іх распрануцца. Ім тлумачаць, што пра забароненыя дотыкі абавязкова трэба расказваць і што саміх іх ні ў якім разе ня будуць за гэта лаяць. І, прабачце за патас, пераацаніць важнасьць такіх размоваў дужа цяжка, бо мы жывём у сьвеце, дзе нават у дзіцячым садку з двух- ці трохгадовым дзіцем могуць учыняць «распусныя дзеяньні і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару».
Акурат гэта адбылося ў Магілёве — там супрацоўніка дзіцячага садку абвінавачваюць у тым, што ён праяўляў сэксуальны інтарэс да дзяцей і ўчыняў распусныя дзеяньні на працягу паўгода. Пацярпелі 13 дзяцей ва ўзросьце ад двух да трох гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі затрымалі яшчэ аднаго колішняга вагнэраўца за згвалтаваньне 9-гадовай дзяўчынкіУсё стала вядома толькі дзякуючы таму, што мама аднаго з хлопчыкаў занепакоілася, калі ў яго зьнікла жаданьне хадзіць у садок. Яна паразмаўляла з сынам, і той расказаў пра «гульні» з мужчынам, які так падабаўся іншым дарослым у садочку і якога стараніліся дзеці.
Паўгода і трынаццаць дзяцей. Ці было б усё гэтак жа кепска, калі б яны ведалі, што тое, што ён робіць — няправільна, і што пра гэта трэба расказаць бацькам? У мяне няма дакладнага адказу на гэтае пытаньне, але я ведаю, што ў такім выпадку было б болей шанцаў спыніць злачынцу хутчэй, чым толькі праз паўгода. А наяўнасьць шанцу заўжды лепей за адсутнасьць, так што займацца сэкс-асьветніцтвам дзіцяці трэба пачынаць, як толькі яно пачало гаварыць сказамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азбука маральнасьці». Хто будзе вучыць дзяцей любіць савецкіх герояўАле ёсьць у гэтай магілёўскай гісторыі яшчэ адно пытаньне, якое мяне бянтэжыць. Гэты мужчына ня быў ні выхавальнікам, ні памочнікам выхавальніцы, ні музычным кіраўніком, ні фізруком. Ён быў там на рабочай пасадзе. Як так склалася, што ён ня проста меў доступ да дзяцей, а, відаць, заставаўся зь імі сам-насам? Ці не наступствы гэта таго, што ў садках вечна не хапае пэрсаналу, і яго, раз ён мае пэдагагічную адукацыю, прасілі «прыкрыць дзірку» ў раскладзе? Або іншыя выхавальніцы настолькі абыякава ставяцца да сваёй працы, што мужчына дамагаўся дзяцей літаральна ў іх прысутнасьці?
Хочацца верыць, што будзе справядлівае расьсьледаваньне, у выніку якога раскрыецца ўвесь ланцужок абставін, якімі скарыстаўся злачынца. Але веры няма ні беларускаму сьледзтву, ні беларускаму суду, ні беларускай адукацыйнай сыстэме. Бацькам толькі і застаецца, што займацца сэкс-асьветай дзяцей самастойна і спадзявацца, што пранясе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.