Сьведчаньне агульнага крызісу
У сталічным Купалаўскім тэатры толькі што прайшла першая часоў Паўла Латушкі і Мікалая Пінігіна беларускамоўная прэм’ера, паставілі камэдыю Ўладзіслава Галубка «Пісаравы імяніны».
У Тэатры лялек, мастацкім кіраўніком якога нядаўна стаў Яўген Карняг, таксама адбыўся шэраг прэм’ер: «Разумны сабачка Соня», «Матылькі», «На чорнай-чорнай вуліцы». І ў гэты тэатар стаяць чэргі па квіткі. Іх дагэтуль нельга купіць праз інтэрнэт, трэба адстаяць у жывой чарзе ў касу.
Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі (РТБД) з прычыны ажыятажнага попыту паказвае спэктаклі ня толькі ў сваім будынку на праспэкце Машэрава, а яшчэ і ў Доме афіцэраў. Хоць пасьля звальненьня ў сьнежні 2021 года мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева зьнялі і ягоныя «касавыя» спэктаклі (кшталту «Кар’еры доктара Раўса») і ў тэатры няшмат зьявілася новых пастановак, але РТБД па-ранейшаму карыстаецца папулярнасьцю. Глядацкую цікавасьць выклікаюць і «Шлюб зь ветрам» (пастаўлены ў 2019 годзе), «Пачупкі» (пастаўленыя ў пачатку 2022 года) і сьвежы спэктакль «Забалоцьце» (прэм’ера прайшла 16 сьнежня 2023 года) — гэта пастаноўкі Яўгена Карняга і Каці Аверкавай, а таксама даволі новы спэктакль «Карней» Алены Зьміцер.
Гісторык, тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч кажа, што ён вельмі рады і за Тэатар лялек, і за РТБД, што ёсьць такі ажыятаж і тэатралы штурмуюць касы і адбываюцца дадатковыя паказы ў Доме афіцэраў.
«Гэта прыемна для актораў, рэжысэраў. Але асаблівага энтузіязму і пазытыву я ня бачу. Гэта якраз сьведчаньне таго, што няма чаго глядзець. Таму што да 2020-2021 гадоў у Менску існавала вялікая альтэрнатыва: прыватны, экспэрымэнтальны тэатар, і людзі маглі выбіраць, куды ісьці. Гледачы з больш традыцыйным густам ішлі ў Купалаўскі, хтосьці — на вуліцу Кастрычніцкую на „ОК-16“. Зараз прыватны тэатар зьнішчаны цалкам, а ў Купалаўскі набралі трупу з Расеі.
І цяпер з улікам таго, што няма альтэрнатывы, Тэатар лялек і РТБД застаюцца ці не адзінымі пляцоўкамі ў Менску, дзе ёсьць спэктаклі годнага ўзроўню. І людзі, якім хочацца нешта глядзець, проста штурмуюць гэтыя дзьве пляцоўкі. Таму гэта, хутчэй, сьведчаньне пра агульны крызіс, нястачу спэктакляў, чым пра штосьці звышпазытыўнае», — выказваў сваю думку гісторык, тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.
Першая за чатыры гады беларуская прэм’ера Купалаўскага
Пасьля шквалу крытыкі, якая абрынулася летась на Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы за русыфікацыю (бальшыня спэктакляў ідзе на расейскай мове), адбылася прэм’ера па-беларуску — камэдыі «Пісаравы імяніны» Ўладзіслава Галубка.
П’еса ўжо ставілася на гэтай сцэне ў 1921 годзе Флярыянам Ждановічам, заснавальнікам прафэсійнага беларускага тэатру.
Рэжысэр сучаснай пастаноўкі «Пісаравых імянінаў» — Павал Марыніч. Ён ужо ставіў у Купалаўскім «Казку аб мёртвай царэўне» паводле Пушкіна. Марыніч скончыў сталічны Ўнівэрсытэт культуры (БДУКМ) па спэцыяльнасьці «Народная тэатральная творчасьць», а таксама Магілёўскую вучэльню культуры па спэцыяльнасьці «Акторскае майстэрства». Раней працаваў у Палескім драматычным тэатры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я так і не зразумеў, што адбылося са «Шчучыншчынай». Вялікая гутарка з купалаўцам Міхаілам Зуем«Беларуская гучыць неарганічна»
Алена (імя суразмоўцы Свабоды зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) называе сябе «нетыповай заўзятай тэатралкай» — яна пастаянна хадзіла толькі ў два тэатры: Купалаўскі і Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі. Прызнаецца, што некаторыя спэктаклі глядзела па некалькі разоў, каб параўнаць розны склад актораў. Напрыклад, на «Рэвізора», бо ролю Хлестакова выконвалі Павал Харланчук і Аляксандар Казела, а яна любіла абодвух актораў.
«Купалаўскі і РТБД я проста абагаўляла. Якая там была сакавітая, прыгожая беларуская мова! У мяне дагэтуль захаваўся квіток на прэм’еру спэктакля пра Шагала на канец жніўня 2020 года (яе некалькі разоў пераносілі і так і не паказалі, бо пасьля жнівеньскіх падзей 2020 года тэатар моцна зьмяніўся. — РС).
Доўга не адважвалася пайсьці ў Купалаўскі, бо было вельмі балюча, што з маіх любімых актораў там амаль нікога не засталося. Наагул не цікавілася, што яны там ставяць. Нядаўна дачка прынесла квіткі на „Рамэо і Джульету“ — ім на працы прафсаюз раздаваў. Угаварыла мяне пайсьці.
Аншлягу не было, траціна залі пуставала. Спачатку я наагул не зразумела, чаму акторы так старанна выгаворваюць словы, ненатуральна прамаўляюць. Нібыта і правільна, але беларуская мова гучыць неяк неарганічна. Няма той лёгкасьці, прыгажосьці, хаця нібыта і яны і стараліся. Але вушы рэзала. Карацей, мы з дачкой пасьля першага акту пайшлі адтуль. Дачка ўжо дома палезла ў інтэрнэт і даведалася, што бальшыня актораў — з правінцыйных расейскіх гарадоў кшталту Тулы, Пензы, Яраслаўля. У Купалаўскім працуюць з восені 2022 года».
У верасьні 2022 года ў трупу Купалаўскага было залічана амаль два дзясятка актораў з Расеі. Вось некаторыя імёны: масквічка Натальля Шчарбакова і Ільля Галушкін з Саратава пасьля Расейскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГІТІС); масквічка Ганна Мешчаракова і Барыс Цяцёркін з Тулы — пасьля Маскоўскага інстытута сучаснага мастацтва, Інэса Ісакава пасьля Яраслаўскага тэатральнага інстытута. Ёсьць і «ўзроставыя» акторкі — 61-гадовая
Сьвятлана Гусарава зь Пензы, якая скончыла ў 1983 годзе Яраслаўскае тэатральнае вучылішча.
«Для іх Купалаўскі — гэта транзыт»
Дзяніс Марціновіч кажа, што расейская тэатральная адукацыя ня самая горшая і ён цалкам дапускае, што ўсе новыя расейскія ўдзельнік трупы Купалаўскага тэатра нядрэнныя акторы. Дзяніс прыгадвае, што і ў савецкі час былі выпадкі, калі людзей, якія ня ведалі беларускую мову, бралі ў тэатар.
«Напрыклад, Віктар Тарасаў, які быў беларусам, але нарадзіўся ў Барнауле. Але гэта было такое адзінкавае запрашэньне. Трупа была беларуская, Тарасаў бачыў, да якога моўнага ўзроўню яму трэба імкнуцца, і ўсё ж такі ён сваю будучыню зьвязваў з Купалаўскім, бо гэта быў узорны тэатар.
А для цяперашніх набраных расейскіх актораў Купалаўскі — гэта транзыт: яны папрацуюць колькі часу і пры першым сур’ёзным запрашэньні вернуцца ў Маскву. Для іх гэта несур’ёзна. Другі момант — з улікам таго, што са старой трупы амаль нікога не засталося, няма да каго імкнуцца. Трэці — адзінкавае запрашэньне Тарасава і масавыя запрашэньні амаль усёй трупы. Калі б яны гралі ў нейкім іншым тэатры, можа быць, гэта яшчэ б абышлося. Але ў найстарэйшым нацыянальным тэатры краіны — гэта бяз шанцаў», — мяркуе Дзяніс Марціновіч.
Васіль Быкаў па-расейску
Да прызначэньня ў 2022 годзе дырэктаркай Тэатра юнага гледача Веры Паляковай-Макей ТЮГ быў адным зь нешматлікіх беларускамоўных тэатраў краіны. У інтэрвію Беларускаму радыё яна некалі сказала: «Да нас прыяжджаюць госьці, тыя ж расейцы, якія, на жаль, ня ведаюць беларускай мовы. Чаму мы губляем гэтага гледача?»
І ў тэатры пачалі зьяўляцца пастаноўкі па-расейску: нават спэктакль паводле аповесьці «Альпійская баляда» Васіля Быкава «Альпы. Сорак першы».
У выніку такой русыфікацыі ў Тэатры юнага гледача спэктакляў на беларускай мове засталіся лічаныя адзінкі — «Пінок’ё» і «Дзюймовачка» для дзяцей, а для дарослых — «Восем закаханых жанчын» і «Дзікае паляваньне караля Стаха». Усе астатнія пастаноўкі — «Віні-Пух», «Ня вожык», «Майстар і Маргарыта», «Белыя ночы», «36,6», «Адчайныя цёткі», «Альпы. 1941» і г.д. — ідуць па-расейску.
У рэпэртуарах некаторых тэатраў зьяўляюцца незвычайныя пастаноўкі. У Магілёўскім тэатры лялек, напрыклад, паставілі спэктакль «Пётар І — жыцьцё і дзеяньні».
У анонсе паведамляецца, што «спэктакль пазнаёміць школьнікаў са шматграннасьцю эпохі і асобай першага расейскага імпэратара». Імпэратар паказаны, натуральна, як станоўчы герой. Спэктакль паставіў расейскі рэжысэр Дзьмітры Ярохін з Чалябінскай вобласьці, які ў камэнтары мясцовай тэлевізіі сказаў, што «маладому пакаленьню важна ведаць гісторыю, каб яго ніхто ня мог зьвесьці са слушнага шляху». Але ж акурат на загад Пятра І у 1708 годзе Магілёў быў спалены.
Ад «дарослых» спэктакляў Аляксея Ляляўскага, які дзесяцігодзьдзямі кіраваў сталічным Тэатрам лялек, застаўся спэктакль «Нікалаша», ад Уладзіміра Савіцкага ў ТЮГу — тое ж «Дзікае паляваньне караля Стаха». А вось ад Мікалая Пінігіна ў Купалаўскім тэатры і Аляксандра Гарцуева ў РТБД не засталося нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя Купалаўскага скончылася на 100-годзьдзі». Размова з Валянцінай ГарцуевайЗвальненьні і скарачэньні
У канцы сьнежня 2023 года з драматычнага тэатру ў Маладэчне звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку (нібыта праз даўні канфлікт з дырэктарам).
У студзені 2024 года асудзілі дырэктара Гомельскага тэатра лялек Дзьмітрыя Гарэліка — яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У канцы сакавіка звольнілі дырэктара Музычнага тэатру Сяргея Пукіту, які ўзначальваў тэатар з 2019 году. Ён паплаціўся пасадай за выкананьне ў тэатры песьні Віктара Цоя «Перамен». Кампазыцыя прагучала ў выкананьні расейскага аркестра з Варонежа падчас яго гастроляў з праграмай «Анталёгія расейскага року».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі дырэктара Музычнага тэатру, дзе прасьпявалі песьню «Перамен!» гурту «Кіно»У Менскім абласным тэатры лялек «Батлейка» і Віцебскім абласным тэатры імя Якуба Коласа працягваюцца масавыя звальненьні супрацоўнікаў.
У «Батлейцы» звольнілі галоўнага мастака, мастака-мадэльера, мастака-скульптара, загадчыка гаспадаркі, загадчыка пастановачнай часткі, дворніка, кіроўцу, бутафора, вартаўніка, сантэхніка, асьвятляльніка. І гэта далёка ня поўны сьпіс.
На думку тэатральнага крытыка Дзяніса Марціновіча, усе гэтыя рэпрэсіі і скарачэньні, безумоўна, адаб’юцца на ўзроўні.
«Пакрысе будзе зьніжацца. Да 2020 года, калі была альтэрнатыва, тэатар разьвіваўся. І тут яшчэ такі важны момант: беларускаму тэатру заўсёды не хапае пераемнасьці. Напрыклад, былі ў 1990-я гады тэатры-студыі, і ў тэорыі яны павінны былі разьвівацца далей, стварацца новыя тэатры. А потым яны ўсе зьніклі, з усіх тэатраў-студый засталася хіба што „ДзеЯ“, якая ператварылася ў Новы драматычны тэатар.
Гэтыя бясконцыя абнуленьні перашкаджалі разьвіцьцю тэатра. І вось якраз у канцы 2010-х гадоў асабіста ў мяне была надзея, што гэтае абнуленьне спыніцца і на гэтым грунце ў 2020-х будзе нейкі прарыў.
А цяпер усе набыткі прыватнага, экспэрымэнтальнага тэатра зьніклі. Рэпрэсіі прывялі да фактычнай забароны прыватнага тэатра. Мы нібыта вярнуліся ў савецкія часы, калі існавала некалькі тэатраў і не было асаблівага выбару. І толькі асобныя спэктаклі выклікаюць нейкі розгалас.
Так, будуць ставіцца прэм’еры, посьпех таксама магчымы. Ёсьць спадзяваньні на прэм’еры Яўгена Карняга ў Тэатры лялек альбо ў РТБД, куды яго, магчыма, запросяць. Але трэба разумець, што такія патэнцыйныя посьпехі будуць адбывацца ня дзякуючы, а насуперак. Гэта будзе хутчэй прыемнае выключэньне, чым правіла», — перакананы тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі дырыгент, звольнены з Адэскай опэры, намагаецца ў судзе адстаяць сваю рэпутацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі свабодны тэатар намінавалі на найвышэйшую тэатральную ўзнагароду Вялікай Брытаніі