Колішні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што для ЗША важнае выжываньне Ўкраіны, і папракнуў эўрапейскіх хаўрусьнікаў у недастатковай падтрымцы Кіева.
«Чаму Эўропа ня можа выдзеліць тыя ж або супастаўныя грошы, якія ўкладваюць Злучаныя Штаты Амэрыкі, каб дапамагчы краіне, якая ў гэтым адчайна мае патрэбу? Як усе пагаджаюцца, выжываньне і моц Украіны павінны быць нашмат важнейшыя для Эўропы, чым для нас, але гэта важна і для нас. Варушыся, Эўропа!» — напісаў Дональд Трамп 18 красавіка ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Заява Трампа прагучала празь дзень пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам у сваім нью-ёрскім офісе ў Trump Tower. Экс-прэзыдэнт ЗША і польскі лідэр абмеркавалі прапанову Дуды, каб сябры NATO выдзялялі на абарону ня менш за 3% свайго ВУП замест 2%, як патрабуюць цяперашнія правілы.
У сваёй публікацыі Трамп упершыню загаварыў пра неабходнасьць павелічэньня падтрымкі Ўкраіны, хоць і не падтрымаў законапраекту аб выдзяленьні 61 мільярда даляраў, за які неўзабаве павінны прагаласаваць у Палаце прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША паставіла на 20 красавіка галасаваньне па законапраекце аб дапамозе ЎкраінеСьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў, што Кангрэс разгледзіць пакет дапамогі Украіне 20 красавіка, нягледзячы на пярэчаньні з боку арыентаванага на Трампа правага крыла Рэспубліканскай партыі.
Дональд Трамп зьяўляецца найбольш імаверным кандыдатам на вылучэньне на прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі на выбарах, прызначаных на лістапад 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра дапамогу Ўкраіне: «Трэба надаць яе ў выглядзе крэдыту, а не падарунку»