У беларускай сталіцы правялі контратэрарыстычныя вучэньні. Іх ход асабіста кантраляваў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Як паведамілі ў МУС, ведамства прымае дадатковыя захады бясьпекі. Асаблівая ўвага нададзена месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў і аб’ектам зь вялікай колькасьцю людзей.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, падразьдзелаў МНС, прадстаўнікі сфэры аховы здароўя на тэрыторыі гандлёвага цэнтру Palazzo адпрацоўваюць альгарытмы сумеснага рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі, удакладнілі ў ведамстве.
У трэнаваньні бралі ўдзел старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Юры Назаранка, намесьнік міністра — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, начальнік менскай міліцыі Міхаіл Грыб.
Пасьля завяршэньня вучэньняў Кубракоў адзначыў:
«Мы старанна прааналізавалі трагедыю ў Падмаскоўі, улічылі магчымыя нюансы і выпрацавалі дадатковыя захады бясьпекі ў месцах масавага знаходжаньня грамадзян, у тым ліку гандлёвых цэнтрах. Пастараліся зрабіць так, каб не ствараць нязручнасьцяў для людзей, не абмяжоўваць іх перамяшчэньне, але пры гэтым поўнасьцю кантраляваць сытуацыю».
Таксама міністар расказаў пра сцэнар вучэньняў:
«Навучальным сцэнаром прадугледжвалася рэагаваньне на паведамленьне аб безгаспадарнай торбе з прадметам, падобным да выбуховага прыстасаваньня. Адпрацоўваліся таксама дзеяньні асабовага складу пры зьяўленьні ў ГЦ стралкоў з аўтаматычнай зброяй. Супрацоўнікі блякавалі небясьпечную зону, арганізавалі апэратыўную эвакуацыю грамадзян, абясшкодзілі і затрымалі злачынцаў. Зладжаныя дзеяньні пры ўзьнікненьні на аб’екце ачагоў узгараньня паказалі прадстаўнікі АУС, МНС, мэдыкі, супрацоўнікі аховы ГЦ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад тэракту да тэрору. Што агульнага паміж выбухам у менскім мэтро і нападам на маскоўскі «Крокус Сіці Хол»Акрамя таго, у МУС паведамілі, што ў траўні плянуецца правесьці «маштабныя вучэньні з прыцягненьнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў», каб «паказаць, як дзейнічаць у тых ці іншых сытуацыях».
Іван Кубракоў высунуў прапанову, як, на ягоную думку, можна павялічыць узровень бясьпекі:
«Мы прапануем увесьці на буйныя гандлёвыя цэнтры, месцы масавага знаходжаньня людзей спэцыяльныя пашпарты бясьпекі і перадаць іх усім экстраным службам. Пры ўзьнікненьні надзвычайных здарэньняў супрацоўнікі МУС, МНС, Міністэрства аховы здароўя яшчэ да прыезду на месца змогуць разумець, колькі ў будынку ўваходаў/выхадаў, дзе ёсьць шкляныя дзьверы і іншыя нюансы. У адпаведнасьці з гэтымі зьвесткамі будзе ладзіцца праца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША за два тыдні ўказалі Расеі на «Крокус Сіці Хол» як цэль магчымага тэракту, — The Washington Post ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка перабольшвае сваю ролю ў нэўтралізацыі тэрарыстаў і падстаўляе Пуціна