Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч у калёніі чысьціць драты

Валянцін Стэфановіч. Архіўнае фота

Па стане на 19 красавіка ў Беларусі 1387 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць іх можа быць большай.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч перадаў з вязьніцы прывітаньне калегам і сябрам. Пра гэта расказаў былы вязень ПК-15, які адбываў пакараньне разам з Валянцінам Стэфановічам і нядаўна вызваліўся.

«Перад вызваленьнем бачыў Стэфановіча. Перадае прывітаньне сябрам. У яго ўсё нармальна. Працуе, выглядае нармальна, настрой бадзёры», — расказаў вязень пра Валянціна Стэфановіча.

У калёніі № 15, якая знаходзіцца непадалёк ад Магілёва, акрамя цэху па здабычы каляровых мэталаў, якія дастаюць са старых кабэляў, таксама дзейнічае дрэваапрацоўчая вытворчасьць і швейны цэх.

«Там шыюць у тым ліку форму для вайскоўцаў, а нядаўна быў заказ на пашыў вялікай партыі матрацаў. Але часьцей вязьні занятыя на ачыстцы дратоў. Гэта цяжкая і шкодная праца, на ёй лёгка параніць рукі. Палітычных вязьняў накіроўваюць менавіта туды, вось і Стэфановіч увесь час заняты такой працай», — расказаў вязень, які выйшаў на волю. У мэтах бясьпекі суразмоўца прасіў не называць ягонага прозьвішча.

Валянцін Стэфановіч асуджаны на 9 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з ч 2 арт. 342 («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Сваёй віны Валянцін Стэфановіч не прызнаў.

Беларускія праваабаронцы прызналі Стэфановіча палітычным зьняволеным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай у гадавіну суду над праваабаронцамі «Вясны»