У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што ахова мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку на водных участках, па-ранейшаму адбываецца ва ўзмоцненым рэжыме.
«Сытуацыя на паўднёвым рубяжы застаецца цалкам кантраляванай. Дзяржаўная памежная служба стала сочыць за ўсім, што адбываецца на лініі і па той бок украінска-беларускай мяжы», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, украінскія памежнікі назіраюць за воднай паверхняй і прылеглай мясцовасьцю, каб «не дапусьціць на гэтых кірунках магчымага незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі або парушэньня памежнага рэжыму».
«Апроч таго, ажыцьцяўленьне 24-гадзіннага кантролю забясьпечваюць камэры дыстанцыйнага відэаназіраньня. У выпадку выяўленьня якіх-небудзь зьменаў у абстаноўцы апэратар інфармуецца пра гэта і на вызначаны кірунак накіроўваецца памежны нарад або дадатковыя сілы і сродкі», — дадаў Андрэй Дземчанка.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны падкрэсьліў, што берагавую лінію вадаёмаў, па якіх праходзіць лінія мяжы зь Беларусьсю, таксама ўмацавалі інжынэрнымі збудаваньнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў хоча выкарыстоўваць пытаньні міграцыі ў палітычных мэтах, — прэм’ер Польшчы Туск
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.