У Бабруйску ад сардэчнага прыступу памерла актывістка, маці траіх дзяцей Ірына Сурыгіна, паведамляе «Белсат» са спасылкай на сяброў жанчыны. Ірыне было ўсяго 39 гадоў. Пахаваньне адбудзецца а 15-й гадзіне 18 красавіка.
«Была з малодшым сынам дома, сказала, што трошкі паляжыць, бо кепска сябе адчувала. І вось так — кажуць, ня вытрымала сэрца», — расказаў сябар сям’і.
Вядома, што Ірына мела гіпэртанічную хваробу.
Разьвітаньне з Ірынай Сурыгінай адбудзецца 18 красавіка па адрасе: вул. Пушкіна, 110, Бабруйск, а 15-й гадзіне. Потым пахаваньне на могілках «Ламы».
У Ірыны засталіся трое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо паўналетняя, ёй каля 20, яна і займаецца цяпер арганізацыяй пахаваньня. Пакуль невядома, хто будзе афармляць апеку над малодшымі дзецьмі. Вядома таксама, што ў жанчыны засталася моцна хворая маці, якая амаль ня ходзіць.
У 2021 годзе жанчыну затрымлівалі сама меней тройчы — ёй прызначалі «суткі» і больш за 10 000 рублёў штрафаў, пішуць праваабаронцы. Свабода расказвала яе гісторыю:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта за 25 сакавіка». Гісторыя шматдзетнай маці-адзіночкі, якую аштрафавалі на 2 тысячы даляраў за фота са сьцягамЗа фота са сьцягам шматдзетную маці-адзіночку аштрафавалі на 2 тысячы даляраў. Тады за 4 месяцы Ірына Сурыгіна перажыла ператрус, пабывала ў ізалятары і двойчы ў судзе. Вымушаная была звольніцца і, да ўсяго, яе сям’я апынулася на ўліку органаў апекі, бо дзеці ў ёй нібыта гадуюцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Міліцыянты пагражалі бабруйчанцы, што пасадзяць яе ў турму, а дзяцей забяруць у прытулак.
Пасьля тых падзеяў Ірына ня зьехала за мяжу: яна заставалася ў Бабруйску, бо трэба было клапаціцца пра хворую маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўлады тэрарызуюць шматдзетных маці