Месцы масавага адпачынку ў Менску сёлета будуць кантраляваць па-новаму: з дронамі і супрацоўнікамі ў цывільным, расказаў «Минск-Новости» намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі ГУУС Менгарвыканкаму Сяргей Прыгодзіч.
«У буйных месцах адпачынку, а таксама ў невялікіх, якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго, будзем выкарыстоўваць бесьпілётныя лятальныя апараты, для кантролю за сытуацыяй і апэратыўнага перадухіленьня няшчасных выпадкаў і спыненьня правапарушэньняў», — заявіў ён.
Таксама, паводле Прыгодзіча, міліцыянты ў зонах адпачынку будуць патруляваць ня толькі пешшу, але і на роварах і скутэрах. Акрамя таго, акрамя супрацоўнікаў у форме, патруляваць месцы масавага адпачынку будуць і сілавікі ў цывільным.
Ён нагадаў, што купаньне ў Менску не забароненае толькі ў трох месцах: гэта пляжы вадасховішчаў Цнянскае і Дразды, а таксама Камсамольскае возера. За купаньне ў забароненых месцах прадугледжаныя штрафы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў узброіць патрулі міліцыі стралковай зброяй