«Усё роўна гэты дом наш». Як у жанчыны з Заходняй Беларусі забралі хату, а нявестка яе выпадкова выкупіла

Каляж

Гісторыя сям’і, дзе ў жанчыны з Заходняй Беларусі канфіскавалі дом пасьля аб’яднаньня з БССР у 1939 годзе. Ейная нявестка вярнула гэты дом сям’і ў галодныя 1990-я гады, сама таго ня ведаючы. Цяпер яго могуць зноў забраць.

Праект Свабоды «На карысьць дзяржавы» расказвае пра тое, як у беларусаў забіралі іхную маёмасьць. Як у розных пакаленьнях прыходзілі прадстаўнікі дзяржавы і на падставе законаў пазбаўлялі людзей зямлі, дамоў, кароваў і іншай гаспадаркі. Як рэпрэсаваныя гаварылі або маўчалі пра забранае. Як нашчадкі спрабавалі (або не) вярнуць сабе належнае. Гісторыя паўтараецца. І сёньня, у 2020-х, імем Рэспублікі Беларусь у беларусаў апячатваюць, арыштоўваюць, канфіскуюць кватэры, аўтамабілі, дамы. Папярэднія публікацыі праекту:

Падставамі, каб адбіраць у людзей уласнасьць, было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі, некалькі хваляў калектывізацыі, «раскулачваньне», надуманыя крымінальныя артыкулы супраць «ворагаў народу», «ненадзейных элемэнтаў», «польскіх шпіёнаў», аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР, масавыя дэпартацыі, генацыд габрэяў падчас нямецкай акупацыі, пасьляваенныя арышты «калябарацыяністаў», нязгодных з калектывізацыяй, рэлігійных дзеячоў.

Сёньня ў жыхароў Беларусі арыштоўваюць маёмасьць у крымінальных справах, заведзеных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, за палітычна матываваны статус «тэрарыст», канфіскуюць кватэры праз «завочныя суды» над тымі, хто не даспадобы рэжыму Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча

Забралі дом падчас нападу СССР на Польшчу

Гісторыю сваёй сям’і Свабодзе расказала беларуска Марыя* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

«З гэтым домам атрымалася і сьмешна, і грэшна», — кажа Марыя.

Ейная бабка па мячы (па бацькавай лініі) жыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 1939 годзе, пасьля нападу СССР на Польшчу, жанчына трапіла пад рэпрэсіі. Ейны дом забралі.

«Бабуля ўсё хавала. Ведаю пра гэта толькі з успамінаў сям’і. Дакумэнтальна мы ня можам гэтага пацьвердзіць ніяк. Дом, які канфіскавалі, быў пасажным домам бабулі. Гэта калі дзяўчына выходзіць замуж і за ёй даюць пасаг», — расказвае суразмоўца.

Дом аддалі ва ўласнасьць калгасу. Тым, хто прыяжджаў у калгас працаваць, яго давалі як жытло. У 1990-я яго далі камусьці выкупіць. Потым і тыя гаспадары выставілі дом на продаж.

Чырвонаармейцы, міжваенны час. Ілюстрацыйнае фота

Маці набыла дом сьвекрыві, каб пракарміць сям’ю

«Мая маці працавала настаўніцай у 1990-я. Тыя, хто працаваў на прадпрыемствах, зьвязаных зь ежай, былі зь ежай. Настаўнікам жа затрымлівалі заробак, не было за што жыць», — успамінае Марыя.

Ейная маці паехала па вёсках шукаць дом з агародам, каб купіць і вырошчваць там агародніну-садавіну, каб было што есьці. Гэта было ў пачатку 1990-х, калі разваліўся Савецкі Саюз, прыкладна ў 1994 годзе.

Бацька Марыі быў супраць гэтай ідэі, таму маці ўсё рабіла сама. Урэшце яна купіла дом. Езьдзіла туды зь дзецьмі. Толькі праз год муж таксама вырашыў паехаць на вёску.

«Выявілася, што выбар маёй маці выпаў на дом яе сьвякрухі. Бацька прыехаў і кажа: «Дык гэта ж дом, які канфіскавалі ў маёй маці!».

У нашчадкаў не засталося папераў 1939 году пра канфіскаваны дом. Якая была афіцыйная падстава канфіскацыі маёмасьці, сям’я ня ведае.

«Бабуля ўвогуле ні пра што не расказвала: ні пра сваю радню, ні пра тое, як яна тут апынулася. Настолькі была запалоханая. Яна не сказала, што валодае польскай мовай, яна не расказвала пра тое, што яна полька», — кажа суразмоўца.

Ад сваёй маці, нявесткі рэпрэсаванай бабулі, Марыя ведае, што тая працавала, як сялянка, а выглядала, як паненка.

«Вельмі адукаваная была. Было відаць, што яна ня з простых людзей. Нават па-расейску, па-беларуску гаварыла выкшталцонай мовай. Яна была пісьменная. Скончыла сем клясаў школы. Пра гэта неяк прагаварыўся дзядуля, што ў яго „дзьве клясы царкоўна-прыходзкай“, а ў бабулі добрая адукацыя», — успамінае суразмоўца.

Хутар у Заходняй Беларусі, ілюстрацыйнае фота

З двух гектараў зямлі засталося 25 сотак

Калі маці купіла дом, сьвекрыві ўжо даўно не было на гэтым сьвеце. Маці ж раней ня ведала ні пра дом, ні пра канфіскацыю.

«У 2000 годзе малодшая дачка бабулі (цётка Марыі. — РС) адчула, што ўжо бясьпечна падзяліцца, і расказала пра пасажны дом. Я дасылала запыты ў архіў. Тады мы даведаліся, хто бабуля, адкуль, што яна была рэпрэсаваная», — успамінае Марыя.

Гэта быў жылы аднапавярховы дом. Падчас вайны ён пацярпеў. Пасьля яго аднаўлялі, але фундамэнт захаваўся стары. Сям’я Марыі таксама пазьней рабіла там рамонты. Побач з домам захаваліся гаспадарчыя пабудовы. Са словаў бацькі, раней ім належалі два гектары зямлі. Аднак у 1990-х з домам ішлі толькі 25 сотак.

«Бацька ў мяне ўвогуле ня надта цікавіцца гісторыяй, сваім родам. Ён камуністычнай загартоўкі, таму штосьці распытаць у яго было заўсёды цяжка. Маці была радая, дом ёй вельмі падабаўся. Ён стаяў каля лесу», — дзеліцца беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Гісторыя пра «сьвятога Рамана», ягоных кароваў і забітага старшыню сельсавету

Сям’я Марыі ведала толькі апошніх гаспадароў, у якіх куплялі дом. Хто жыў у хаце перад гэтым, яны ня ведаюць.

«Нас найбольш цікавіла, што там быў агарод, гаспадарчыя пабудовы, што там было тое, чаго не было ў горадзе, і за гэта можна было пражыць», — успамінае жанчына.

Нашчадкі спрабавалі дазнацца, якога году пабудовы будынак, але не атрымалася. Паводле дакумэнтаў лічыцца, што дом пабудавалі пасьля вайны. Але жыхары ў вёсцы таксама сьцьвярджалі, што ён даваенны.

Вярнуць забраны дом у часы незалежнасьці Беларусі ў сям’і не спрабавалі, бо ніхто пра яго толкам ня ведаў.

«Калі маці купіла яго, што ўжо было вяртаць? Грошы ўжо былі заплочаныя. Усё роўна гэты дом наш», — тлумачыць беларуска.

Калектывізацыя. Ілюстрацыйнае фота

Новая пагроза канфіскацыі

Маці Марыі падарыла вясковы дом свайму непаўналетняму ўнуку, сыну Марыі. Сама Марыя зь сям’ёй мусіла ўцякаць зь Беларусі пасьля 2020 году праз рэпрэсіі.

«Я рэпрэсаваная. Цяпер дом зноў могуць канфіскаваць. Мы баімся, што як тады не было ніякіх дакумэнтаў, забралі і забралі, і цяпер пагроза: калі забяруць, то ня вернуць ніколі. Калі б маці не адпісала дзіцяці дом, то мо і не забралі б. Пад рэпрэсіямі я, а ня маці», — расказвае суразмоўца.

Яна дакладна ня ведае памеру прэтэнзій з боку рэжыму Лукашэнкі. На яе заводзілі адміністрацыйную справу за пратэсты, прысудзілі штраф.

Пазьней, як здагадваецца Марыя, на яе завялі і крымінальную справу. Але папераў яна ня бачыла і дэталяў ня ведае. Там, дзе яна жыла, у тым ліку ў вясковай хаце, сілавікі праводзілі ператрусы. Сваякам пагражалі, што праз штраф забяруць усю маёмасьць. Нібыта наклалі на яе арышт, але пацьверджаньня ў сям’і няма.

«Пакуль гэта на словах. Але гледзячы, што адбываецца, гэта і не на словах можа быць. Ператрусы былі і домам цікавіліся. Сказалі, што ён належыць непаўналетняму, а ягоны апякун пад крымінальнай справай. Дык могуць забраць», — дзеліцца беларуска.

Яна прызнаецца, злавалася на маці за тое, што яна падарыла дом унуку. Тая тлумачыць, што перапісала маёмасьць праз свой стары ўзрост.

«Цяпер дом можа належаць невядома каму. Маці кажа, што ўнук упарты і ўсё верне. Мой сын зараз накіраваны на тое, што верне любым чынам гэты дом, калі яго забяруць. Гісторыя цыклічная. Усё, што было тады, калі не рабіць высноў, можа адбыцца зноў», — думае Марыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паедзем да нас, у Беларусію, у нас калгасаў няма». Як раскулачвалі ў Заходняй Беларусі