Сьцісла:
- Русыфікацыя — гэта зусім не пра расейскую мову і культуру, а пра расейскі канцылярыт, чынавенскую субардынацыю і жыцьцё як трафарэт.
- Ці сапраўды беларускія жанчыны ні на кроплю не фэміністкі.
- Як расейская мова ў пастулятах рэжыму становіцца для беларусаў «роднай».
- У беларускай Беларусі цяперашні палітычны тэрор быў бы немагчымы.
Калі ў беларусаў скрасьці саміх сябе, што застанецца?
Трэба адразу сказаць, што русыфікацыя — гэта ня толькі пра расейскую культуру і нават ня толькі пра расейскую мову — нібыта ўзялі і замест беларускай мовы-культуры насадзілі расейскую. Не. Да культуры русыфікацыя ўвогуле ня мае дачыненьня, бо ў Беларусі не ствараецца ніякіх вышыняў культуры суседняй краіны. Што да мовы, дык насаджаецца ў Беларусі ня мова Пушкіна з Ахматавай — тое, чым яшчэ можна захапіцца і што можна палюбіць.
Насаджаецца канцылярыт — мова чыноўнікаў, прапагандыстаў і начальнікаў усіх маштабаў. Скажаце, ну і што з таго? А тое, што беларускі чалавек, захоплены ў абцугі гэтым самым канцылярытам, перажывае мутацыю: ягоная карціна сьвету, маляўнічы краявід ператвараецца ў панылы трафарэт, розум спрашчаецца да набору рэфлексаў — такіх, як у тэлевізары, і такіх, «як ва ўсіх». Завяршаецца гэты працэс папярэджаньнем: выбівацца з гэтай аднамернасьці небясьпечна.
Мутацыя, вядома ж, не адбываецца і не адбудзецца з усімі беларусамі, бо не закранае здаровага розуму і добрага сэрца, у якіх ёй месца няма. Русыфікацыі вымагае ад беларусаў тая ўлада, што стаіць на падмане і застрашваньні, больш ні на чым.
Рэжым Лукашэнкі імкнецца выкрасьці ў беларусаў саміх сябе — з нашай прыродай, культурай, мовай, нашымі героямі, ператварыць нашу карціну сьвету ў трафарэт, дзе ўсяму гэтаму месца няма. Але што ў нас зьяўляецца замест нас саміх? Адказ прыкры — нічога. Нічога добрага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускасьць — гэта не варыянт рускасьці». Віктар Корбут пра ролю ў лёсе Беларусі «Нашай долі» і «Нашай нівы»Вужака, які ўсіх напалохаў
Здавалася б, нічым не прыкметная навіна ў тэлеграмнай стужцы. Але яна якраз і ілюструе русыфікацыю з усіх бакоў. Цытую яе ў расейскім арыгінале, бо па-беларуску тут кожнае слова гучала б як нонсэнс:
«Под Ляховичами змея подползла к сельмагу. Местные вызвали спасателей, и те убрали рептилию металлическим захватом. Оказалось, это уж. Сельчане уговаривали спасателей „забрать змею с собой“, потому что она всех напугала. В итоге животное вывезли на природу и выпустили».
Тут усё «ў кропку» пра наша сёньняшняе жыцьцё: і пра тое, што для «сельчан» (вяскоўцы тут пасьмяюцца) зьмяя «оказалась» вужакам, страшна ўсіх напалохала, у тым ліку ратаўнікоў з МНС, якія сьмела дзейнічалі «металлическим захватом» (няшчасны вужака), і пра тое, што «сельчане уговаривали» забраць зьмяю (куды, калі яна тут жыве?), а ўрэшце вывезьлі вужаку з-пад Ляхавіч «на природу»!
Беларускіх вяскоўцаў у гэтым сюжэце быццам падмянілі. Яшчэ трыццаць гадоў таму вужака быў звычайным госьцем у хаце. А цяпер усё навакольле стала пагрозьлівым, страшным, натапырылася ад неба да зямлі, адзіная выспачка бясьпекі для чалавека — сельмаг. Навакольная прырода стала невядомай, незразумелай, варожай рэзэрвацыяй. Яна ўжо ня любыя сэрцу куткі і прасторы Бацькаўшчыны, апетыя вялікімі і малымі беларускімі песьнярамі.
Калісьці ў далёкім дзяцінстве на вакацыях у вясковай бабулі мы, падшыванцы, забаўляліся з вужамі, чаплялі іх, як каралі, на шыю, а на гадзюк хадзілі паляваць з рагацінамі. МНС тады не было, затое кожны мог адрозьніць бяскрыўдную зьмяю ад атрутнай.
Выпадковая навіна ў стужцы — як мэтафара да ўсіх цяперашніх навін зь Беларусі. Вось вам звычайны вужака, які русыфікацыі ніякім чынам не падлягае. Ён быццам той апазыцыянэр, якім палохаюць у тэлевізары і на якога, вядома, трэба зараз жа выклікаць АМОН, каб вывезьці ў турму ці вытурыць за мяжу — «на прыроду».
Захопленая русыфікацыяй чалавечая душа панікуе ад кожнай невядомай праявы вялікага разнастайнага сьвету. Русыфікацыя патрабуе аднамернасьці і плоскага разуменьня рэчаіснасьці, бо толькі ў такім трафарэтным уяўленьні можна ўхваляць ваенную агрэсію супраць «нацысцкай» Украіны і пагражаць «калектыўным Захадам», не дазваляючы сабе ці ўжо й ня могучы дапусьціць, што ўсё насамрэч можа быць зусім ня так.
Аднамернасьць, вось адкуль гэты тэрмін — экстрэмізм. Гэта ўсё, што extra — звыш, шырэйшае, глыбейшае, багацейшае, разумнейшае, разнастайнейшае за прымітыўную аднамернасьць. А ў выніку немагчыма ўявіць сабе турмы, забітыя іншадумцамі, дзе-небудзь у Літве ці Польшчы і паўсюль, дзе не праводзіцца русыфікацыя на дзяржаўным узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваліць сябе або вызваліць іншых. Чаму ў беларускіх і расейскіх дэмакратаў розныя шляхі да перамогіФэміністак у нас няма
Аднамернасьць не ўласьцівая самой прыродзе чалавека, таму ніколі не запаноўвае сама сабой — толькі праз дырэктывы і прымус з боку тых, хто, хай сабе фармальна, надзелены ўладай.
«Калі я такі, дык і ўсе такія. Мусяць быць такімі. Для „не такіх“, няправільных, у нас — турма».
І вось так званая дэпутатка Марына Лянчэўская робіць заяву пра тое, што «беларускія жанчыны ніколі не былі і ніколі ня будуць фэміністкамі ў сілу сваёй мэнтальнасьці».
З чаго б такая катэгарычнасьць? А гэта якраз прыклад таго трафарэтнага чыноўніцкага фармуляваньня, якое выказваецца праз расейскі канцылярыт. Тут няма працэсу мысьленьня, бо, напэўна ж, Марына ведае, што ёсьць у нас фэміністкі самай рознай ступені ангажаванасьці, але дырэктыва ў безапэляцыйнай форме становіцца не канстатацыяй факту, а як бы ўстаноўкай для ўсіх. То бок «ніколі ня будуць» значыць «не павінны быць».
Аднамернасьць пастуляту настолькі плоская, што адразу ж пачынае пупырыцца пратэстамі-пухірамі. Устаноўка Марыны, між іншым, азначае, што беларускі ніколі ня будуць галасаваць на выбарах, кіраваць машынай ці хоць бы насіць штаны. «У сілу сваёй мэнтальнасьці». А тое, што яны так робяць і будуць рабіць, між іншым, ня ўпала зь неба, а стала магчымым менавіта дзякуючы намаганьням фэміністак. Яны цяпер яшчэ і крыміналізацыі хатняга гвалту дамагаюцца. Марына не дамагаецца, ёй хатні гвалт — «традыцыйная каштоўнасьць». Як вынік, заявы Марыны гучаць правакацыйна. Яна правакуе фэміністычныя настроі, і яны ў беларускім грамадзтве растуць як грыбы пад дажджом. Пры гэтым, заўважце, нікому ня робяць шкоды і не замінаюць жыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я па-расейску больш не размаўляю». Гісторыі дзяцей, якія пачалі вучыць беларускую мову за мяжойРасейская родная
На выдумках трымаюцца аднамерныя пастуляты ня толькі адносна фэмінізму, але адносна ўсяго, што ні вазьмі. Да прыкладу, новапрызначаны дэкан факультэту журналістыкі БДУ даказвае, што расейская мова для беларусаў родная. Даказвае тым, што «ў нас быў сумны досьвед 1990-х, калі гвалтам спрабавалі навязаць беларускую мову паўсюль».
«Сумны досьвед» адбіўся ў выніку на зьвестках перапісу насельніцтва ў 1999 годзе, калі беларускую мову назвалі роднай 73,6% чалавек. Калі ўлічыць, як працуе статыстыка пры Лукашэнку пасьля ініцыяванага ім рэфэрэндуму за дзяржаўнасьць расейскай мовы, дык гэтая лічба магла быць толькі заніжаная, а не наадварот.
Хто жыў у першай палове 1990-х, памятае, што на вуліцы выходзілі многія тысячы людзей з рознымі пратэстамі і ніхто пратэстоўцаў не разганяў і тысячамі ў турмы не саджаў. Гэта значыць, калі б беларускую мову спрабавалі «навязаць гвалтам», дык быў бы і адпаведны пратэст, мы б яго бачылі і пра яго б ведалі (газэты выходзілі без цэнзуры). Дэкан факультэту журналістыкі мусіў бы раскласьці перад сабой тагачасныя газэты (такіх антыбеларускіх у часы плюралізму хапала) са здымкамі шматтысячных мітынгаў у розных гарадах краіны, якія пратэстуюць супраць «гвалтоўнага навязваньня» беларускай мовы. Дзе гэтыя газэты? Няма? Выходзіць, пастулят пра гвалт узяты з галавы?
Колькі беларусаў пацярпелі за 200 гадоў за тое, што іх родная мова беларуская? Ніхто не лічыў, так іх шмат. Дастаткова будзе згадаць беларускіх мовазнаўцаў, расстраляных у 1930-я. А колькі беларусаў пацярпелі за тое, што іх родная мова расейская? Ніхто не лічыў, бо лічыць няма чаго.
Зірнем на дэканаў пастулят яшчэ з аднаго боку. Якім чынам гвалт беларускай мовай, калі б ён меў месца, можа выклікаць роднасныя пачуцьці да мовы расейскай? Ці ўвогуле тут гаворка не пра зялёнае з гарачым?
Зразумела, што дэканавы словы зусім не канстатацыя факту, а кіраўніцтва да дзеяньня: расейская мова павінна быць для беларусаў роднай, і кропка.
Розныя карціны сьвету
Ня буду цытаваць тут 33-35 артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо асноўны закон краіны для цяперашняга начальства не аргумэнт. Калі людзі пасьміхаюцца з тэлевізійнай карцінкі, маўляў, нам бы наяве такое жыцьцё, як на экране паказвае БТ, дык такое жыцьцё, як у Канстытуцыі — сапраўдная мара.
Суіснаваньне розных карцін сьвету — закон прыроды, дзе, па ідэі, мусяць мірна ўжывацца змагары і ябацькі, беларускамоўныя і расейскамоўныя, прыхільнікі цьвёрдай рукі і лібэральныя дэмакраты, фэміністкі і адэпты «традыцыйных каштоўнасьцяў»... Усе з усімі, хто ня чыніць крыўды іншаму... Хацеў напісаць «хто не парушае закон», але ж не да законаў у трафарэтнай сыстэме, якая стала абавязковай для ўсіх.
Рознакаляровы шарык-глёбус Беларусі ўва ўсёй яе прыроднай, чалавечай, культурнай разнастайнасьці быццам наскочыў на цьвік і цяпер на вачах ператвараецца ў пляскаты акравак шэрай цыраты.
Між іншым, якраз у беларускамоўным грамадзтве са сваёй беларускамоўнай уладай знайшлося б месца для суіснаваньня ўсіх і не былі б магчымыя ні сёньняшні трафарэт, ні рэпрэсіі, ні выгнаньне паўмільёна суайчыньнікаў за мяжу, ні ўсеагульны спалох ад бяскрыўднага ляхавіцкага вужакі... Чаму я ў гэтым перакананы? Няхай гэта застанецца гіпотэзай. Бо ніхто не правяраў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі? Тлумачыць экспэрт iSANS Аўсеюшкін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дыяспара ў пагонах і без. Чым займаюцца беларусы, якія засталіся жыць у захопленым Расеяй Мелітопалі