У Мінабароны заявілі, што завяршаюць праверку боегатоўнасьці. Вучыліся на расейскім досьведзе

Вучэньні. Архіўнае фота

Аб «паэтапным вызваленьні» вайсковаабавязаных, прызваных для праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сіл, паведаміла 17 красавіка Міністэрства абароны Беларусі.

Ведамства паведаміла, што каля 6,5 тысячы вайсковаабавязаных былі прызваныя ў 19-ю асобную мэханізаваную брыгаду і 120-ю зэнітную ракетную брыгаду, і яны «вернуцца дадому» да 30 красавіка, а «тэхніка, якая прыцягваецца для праверкі, вернутая».

Памочнік міністра абароны ў ідэалягічнай працы Леанід Касінскі адзначыў, што «падводзіць вынікі праверкі боегатоўнасьці пакуль рана», але «ёсьць асаблівасьці, пра якія ўжо можам упэўнена гаварыць».

Паводле яго, «практыка прыцягненьня інструктараў, якія прайшлі падрыхтоўку ў Расеі, адназначна паказвае сваю эфэктыўнасьць».

«Дзякуючы таму, што ў нас ёсьць магчымасьць пераймаць сучасны баявы досьвед і ўкараняць яго ў сябе, мы фактычна робім якасны скачок ва ўзроўні падрыхтаванасьці асабовага складу», — сказаў Касінскі.

У ходзе праверкі боегатоўнасьці, дадаў ён, «войскі апрабавалі новыя спосабы прымяненьня ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі».

«Вялікая ўвага ў ходзе вучэньня ўдзялялася пытаньням адбіцьця сродкаў паветранага нападу, у тым ліку бесьпілётных лятальных апаратаў, павышэньню жывучасьці падразьдзяленьняў, процідзеяньню дывэрсійна-выведвальных груп. Нават самі вайсковаабавязаныя, якія праходзілі службу некаторы час таму, адзначаюць і заўважаюць, што беларускае войска сёньня кардынальна зьмяніла сваё аблічча», — падкрэсьліў ідэоляг Мінабароны.

Праверка боегатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак праходзіла з 11 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў чатырох абласьцях пачаўся ключавы этап праверкі боегатоўнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рамках праверкі боегатоўнасьці ў вайсковыя часткі прывезьлі каля 5000 чалавек