Суд Добрускага раёну прызнаў былога начальніка ўпраўленьня землеўпарадкаваньня Гомельскага гарвыканкаму вінаватым у атрыманьні хабару (ч. 2 арт. 430 КК) і прысудзіў яму 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 16 000 рублёў (400 базавых велічынь), паведаміла прэс-служба Гомельскага абласнога суда.
Таксама чыноўнік павінен аддаць у даход дзяржавы 10 010,62 рубля — суму, адпаведную кошту маёмасьці, «атрыманай злачынным шляхам».
Згодна з матэрыяламі справы, чыноўнік прыняў хабар ад дырэктара ПСУП «Лінія Зноса» за садзейнічаньне ў прыняцьці рашэньня аб зьмяненьні катэгорыі земляў для рэалізацыі кампаніі праекту па вытворчасьці перапрацоўкі шкла. Суд выявіў, што за свае паслугі чыноўнік атрымаў будаўнічыя матэрыялы і «выгады маёмаснага характару ў выглядзе будаўніча-мантажных работ» агульным коштам 10 тысяч рублёў.
Дырэктара «Лініі Зноса», які даваў хабар, асудзілі да 2 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 12 000 рублёў (300 базавых велічынь).
Абодва абвінавачаныя не прызналі віну на судзе. Прысуд пакуль не набыў моцы і можа быць абскарджаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За хабар асудзілі былога галоўнага энэргетыка Сьветлагорскага ЦКК, на які скардзяцца экаактывісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За хабар асудзілі дырэктара кампаніі, якая будавала катэджы для шматдзетных у пасёлку Сокал