Прадстаўнік МЗС Беларусі прыбыў зь візытам у Паўночную Карэю

Пхэньян, архіўнае фота

Беларускае замежнапалітычнае ведамства візыту намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова ў КНДР не анансавала.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў прыбыў 16 красавіка ў Пхэньян, паведамляе расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (ЦТАК). Падрабязнасьці не паведамляюцца.

18 студзеня кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік абмеркаваў з намесьнікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кім Сонг Гёнам паглыбленьне супрацоўніцтва. Гэта адбылося на палях саміту Руху недалучэньня ў Кампале (Уганда). Дэталі перамоваў не прыводзіліся.

Аляксандар Лукашэнка, віншуючы 9 верасьня 2023 года кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына з Днём утварэньня КНДР, заявіў, што «кантакты Менску і Пхэньяну ў розных галінах працягнуць умацоўвацца, уносячы важкі ўклад у пабудову больш справядлівага і бесканфліктнага сьвету, набліжаючы парадку».

Летась на перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 15 верасьня ў Сочы Лукашэнка выказаў думку, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць аб супрацоўніцтве недзе на траіх».

За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі шмат абмежавальных мер. Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэньне пратэстаў пасьля іх, прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

У гэтых абставінах рэжым Лукашэнкі стаў спрабаваць наладжваць палітычныя і эканамічныя сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, якія ў Менску называюць «далёкай дугой».

Доктар эканамічных навук Леў Львоўскі заяўляў «Позірку», што спробы ўладаў знайсьці гандлёвых партнэраў у краінах «далёкай дугі» зьяўляюцца «марнымі» і носяць фактычна «фармальны характар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пачала пастаўляць нафту ў КНДР насуперак санкцыям ААН, — Financial Times
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвая Карэя ўвяла санкцыі супраць расейскіх кампаній за супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвая Карэя: КНДР адправіла ў Расею каля 7000 кантэйнэраў з боепрыпасамі