Анджэй – сымбаль чалавечай свабоды і годнасьці, спадкаемца традыцыі Кастуся Каліноўскага, Валерыяна Лукасінскага і Аляксея Навальнага, піша польскі дысыдэнт, заснавальнік і галоўны рэдактар буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza Адам Міхнік з нагоды 51-годзьдзя Анджэя Пачобута.
«Турма — гэта цяжкі досьвед. Анджэй усьведамляе, што рызыкуе жыцьцём. Сёньня ён глядзіць на нас з фатаздымка, схуднелы і зьнясілены, але гераічны і непакорлівы. Ён пайшоў шляхам, якім да яго ішлі Гавэл, Мандэла і Валэнса. І працягвае гэты шлях.
Анджэй — вязень сумленьня, у тым ліку і нашай рэдакцыі», — адзначыў Адам Міхнік у сваім артыкуле, прысьвечаным Анджэю Пачобуту — публіцысту і грамадзкаму дзеячу, які на працягу многіх гадоў таксама быў супрацоўнікам «Wyborczej».
Пачобута арыштавалі ў сакавіку 2021 году, затым асудзілі на 8 гадоў калёніі за «распальваньне варожасьці па нацыянальнай прыкмеце».
16 красавіка Пачобуту споўніўся 51 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, што Анжаліка Борыс сустракалася з Анджэем Пачобутам у калёніі«Гэтыя апошнія гады і месяцы катаваньняў нашага сябра — яны таксама гады ганьбы для ягонага ката, Аляксандра Лукашэнкі — паранаідальнага дыктатара, які па-ранейшаму пазбаўляе волі і перасьледуе найлепшых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, у тым ліку ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага», — піша Адам Міхнік.
Ён узгадаў ліст Пачобута, які той даслаў перад судом. У ім палітзьняволены пісаў: «Я ня маю ілюзій наконт выраку, спакойна прыму прысуд і з спакойнай душой пайду ў калёнію. Што ж, такі мой лёс. Я заўсёды ведаў, што калі такія часы прыйдуць у Беларусь, я буду сядзець у турме. І, як паказвае мая сёньняшняя рэчаіснасьць, я не памыліўся».
«Так, Анджэй не памыліўся. Сёньня ягоны лёс падзяляюць сотні беларускіх дэмакратаў», — падкрэсьліў Міхнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Міхнік у інтэрвію Свабодзе: «У Беларусі так, як калі б у ЗША прэзыдэнтам стаў Аль Капонэ». ВІДЭАПаводле яго, яшчэ дзясятак гадоў таму вялікі пісьменьнік і сымбаль вольнай Беларусі Васіль Быкаў прадказаў, што «надыходзяць страшныя часы».
«Калі рэжым Лукашэнкі сфальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары 2020 году і жорстка здушыў пры падтрымцы Пуціна мірную беларускую рэвалюцыю, у краіне запанаваў страх. Дэспатызм і хлусьня перамаглі. Гарант улады Лукашэнкі — Пуцін, разбуральнік расейскай і беларускай свабоды, кат вольнай Украіны.
Для мяне Анджэй — сымбаль чалавечай свабоды і годнасьці, спадкаемца традыцыі Кастуся Каліноўскага, Валерыяна Лукасінскага і Аляксея Навальнага. У ім, кажучы словамі Міцкевіча, „гонар і высакароднасьць старажытных палякаў“. Ёсьць у ім прадвесьце лепшай Беларусі, якую ён ператварае ў Дабрарусь, як казаў Тадэвуш Канвіцкі. Анджэй — прадвесьнік лепшых часоў.
Дарагі Андрэй, я веру, што час гэтай жорсткай інквізыцыі хутка скончыцца. Я веру, што неўзабаве мы сустрэнемся і пагуляем па Горадні, а польска-беларуская мяжа будзе толькі ўказальнікам. Анджэй, у твой 51-ы дзень нараджэньня мы з табой!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мо і хоча, ды ня можа. Чаму Лукашэнка не вызваляе Пачобута ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі Newsweek назваў Анджэя Пачобута «Постацьцю 10-годзьдзя»Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.