Кітай выціскае Беларусь з расейскага рынку сельскагаспадарчай тэхнікі

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка на перамовах у Маскве паскардзіўся кіраўніку расейскага ўраду Міхаілу Мішусціну на рост долі кітайскіх вытворцаў на рынку грузавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі РФ.

Паводле Галоўчанкі, яна павялічваецца, таму бакам трэба «выпрацаваць адпаведныя меры», паведамляе ТАСС. Беларускі прэм'ер падкрэсьліў, што Расея і Беларусь «здольныя разам забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку ў сельгастэхніцы і грузавіках».

«Аднак па выніках мінулага году доля кітайскай тэхнікі — я кітайскай бяру як прыклад, там ёсьць і іншая — на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў у параўнаньні з 2022 годам узрасла з 29,5% да 58,8%, у сэгмэнце колавых сельскагаспадарчых трактароў магутнасьцю 150−250 конскіх сіл, гэта значыць наша клясыка, — з 46% да 58%, а на рынку дарожна-будаўнічай тэхнікі гэты паказчык наогул перавысіў 70%», — заявіў Галоўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта расейскага рынку, дэфіцыт кадраў, адсутнасьць інавацыйных ідэй. Лукашэнка прызнаў праблемы ў эканоміцы
  • Падчас нарады 9 красавіка Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад прамыслоўцаў актывізаваць работу на расейскім рынку, зьвярнуўшы ўвагу на тое, што экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18%, а доля беларускіх трактароў у расейскім імпарце «зьнізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігодзьдзе 10,5%, грузавых аўтамабіляў — да 6%». Ён адзначыў, што складзкія запасы за 2023 год вырасьлі амаль на чвэрць, і прывёў у прыклад МТЗ, на складах гандлёвых дамоў якога — амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, «а гэта больш як двухмесячны аб'ём вытворчасьці».
  • Паводле выданьня abw.by, сёлета МАЗ паводле абʼёмаў паставак займае на расейскім рынку грузавікоў толькі сёмае месца. Пры гэтым лідэрам расейскага рынку грузавікоў у 2024 годзе стала кітайская фірма Sitrak, якая пасунула зь першага месца расейскі КАМАЗ, які доўгі час быў аднаасобным лідэрам рынку, займаючы на ім больш за 30%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта расейскага рынку, дэфіцыт кадраў, адсутнасьць інавацыйных ідэй. Лукашэнка прызнаў праблемы ў эканоміцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Продажы новых аўтобусаў МАЗ на рынку Расеі ўпалі амаль удвая