Рэспубліканскі суботнік сёлета пройдзе ў Беларусі 20 красавіка.
Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар, напісала прэс-служба ўраду.
Грошы, заробленыя ў гэты дзень, у тым ліку на працоўных месцах, разьмяркуюць наступным чынам:
- 35% накіруюць Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мэмарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» у Красным Беразе Жлобінскага раёну;
- 35% аддадуць Берасьцейскаму аблвыканкаму. Гэтыя грошы ўкладуць у стварэньне рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхаваньня моладзі на базе Кобрынскага ўмацаваньня Берасьцейскай крэпасьці;
- 30% пералічаць на рэканструкцыю і аднаўленьне мэмарыяльных комплексаў, мясьцін баявой і ваеннай славы, разьмешчаных у абласьцях і ў Менску.
Суботнік — даўняя традыцыя, запачаткаваная камуністамі ў часы СССР. Гэтая зьява абазначае дармовую прымусовую працу. У Беларусі ў часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі суботнікі сталі традыцыйным мерапрыемствам, іх ладзяць штогод. Суботнік рабілі нават падчас пандэміі каранавірусу, калі ў Беларусі масава хварэлі і паміралі людзі.
Пры гэтым уласную ініцыятыву грамадзян у нейкай калектыўнай працы дзяржава не ўхваляе і можа за гэта асудзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскую настаўніцу, якая адбывае арышт, засудзілі яшчэ на 15 сутак, бо заклікала правесьці суботнік на могілках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат падлічыў колькасьць удзельнікаў суботніку падчас пандэміі