Камітэт юрыдычных пытаньняў парлямэнту Грузіі пачаў абмеркаваньне праекту закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», разгляд якога скасавалі год таму з прычыны масавых акцый пратэсту і рэзкай крытыкі эўрапейскіх краін.
Як паведаміла грузінская служба Радыё Свабода, акрэдытаваным журналістам не дазволілі прысутнічаць на пасяджэньні камітэту. У парлямэнт дапусьцілі толькі тэлевізійных журналістаў.
Пазьней на пасяджэньні адбылася бойка паміж дэпутатамі – калі праект закону прадстаўляў адзін зь лідэраў кіроўнай партыі Мамука Мдынарадзэ, на яго напаў лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзяне» Алека Элісашвілі і ўдарыў свайго апанэнта кулаком у твар. Пасьля гэтага абодва дэпутаты выйшлі з залі, але бойка паміж імі працягвалася ўжо ў калідоры.
«Я заўсёды спрабаваў размаўляць з «Грузінскай марай» па-людзку, а яны нас вядуць у Расею… Цяпер ня час сядзець дома, трэба выходзіць на вуліцу. Мы павінны выкінуць іх разам зь іх «расейскім законам». Абрыдла ўсё гэта, і я даў па твары гэтаму расейскаму агенту», – патлумачыў журналістам Алеко Элісашвілі.
Каля будынку парлямэнту ў Тбілісі, а таксама ў розных гарадах Грузіі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі выйшлі на акцыі пратэсту.
У Кутаісі актывісты сабраліся перад будынкам мэрыі. Яны выйшлі з плякатамі, на якіх напісана «Не — расейскаму закону!». Паводле іх, гэты закон накіраваны на дыскрэдытацыю грамадзянскай супольнасьці.
У Тбілісі ля будынку парлямэнту таксама праходзіць акцыя пратэсту. Увечары 15 красавіка тут плянуюць вялікую акцыю пад назвай «Так — Эўропе! Не — расейскаму закону!» Яе арганізатарамі выступаюць недзяржаўныя арганізацыі.
Парлямэнт Грузіі 7 сакавіка 2023 году прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», які распрацавалі дэпутаты кіроўнай партыі «Грузінская мара». Гэты дакумэнт часьцей называюць «законам аб іншаземных агентах».
Ён абавязвае ўсіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на 5 гадоў.
Апазыцыя лічыць, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны сьцьвярджаюць, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўная партыя Грузіі на фоне пратэстаў адклікала законапраект аб «агентах замежнага ўплыву»У дзень ухваленьня законапраекту ў першым чытаньні некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць гэтага закону выйшлі да будынку парлямэнту ў Тбілісі, некаторыя спрабавалі ў яго прарвацца. Паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі, 66 чалавек затрымалі. Пасьля гэтага далейшы разгляд праекту закону скасавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі каля будынка парлямэнту зноў адбыліся сутыкненьні