У Горадзенскім абласным судзе 15 красавіка распачаўся суд над 48-гадовым Фёдарам Шведавым.
Яго абвінавачваюць паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»). Па гэтым артыкуле мужчыне пагражае да 8 гадоў калёніі.
Справу разглядае Віталь Кулеш.
Калі Фёдара затрымалі, дакладна не вядома, як і сутнасьць абвінавачаньня.
Пра гэты працэс паведамілі праваабаронцы «Вясны» і дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, якую апублікавалі дзяржаўныя СМІ, Фёдар Шведаў са сьнежня 2020 па сакавік 2021 году, выкарыстоўваючы аформлены ў ААТ «СберБанк» на сваё імя разьліковы рахунак і плацёжную карту, а таксама мабільны тэлефон, ажыцьцявіў пераказ грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Пры гэтым улады не раскрываюць, каму менавіта пераказваў грошы Шведаў.
У судзе Шведава трымаюць у кайданках нават нягледзячы на тое, што ён і так у клетцы. Гэта асаблівая форма зьдзекаў з палітычных зьняволеных у часы рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 красавіка: затрымалі за чахол з надпісам «Маліцеся за Беларусь»; пакаралі за нацыянальны сьцяг у сацсетках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: украінца затрымалі за камэнтары ў адрас расейскіх вайскоўцаў