Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 красавіка: затрымалі за чахол з надпісам «Маліцеся за Беларусь»; пакаралі за нацыянальны сьцяг у сацсетках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

«Знатака» Фёдара Шведава будуць судзіць за «фінансаваньне экстрэмізму»

Суд над Фёдарам Шведавым пачнецца 15 красавіка ў Горадзенскім абласным судзе, паведамляе «Наша ніва».

Калі яго затрымалі, дакладна не вядома, невядомая і сутнасьць абвінавачаньня. Вядома толькі, што ён рабіў ахвяраваньні да траўня 2021 году.

Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён родам са Сьветлагорску. У 1998-м скончыў Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, адвучыўся на фізыка. Шведаў зь сям’ёй жыве ў Ашмянах. У іх з жонкай як мінімум трое дзяцей — двое дарослых і адно непаўналетняе, піша выданьне.

Фёдар быў зоркай беларускага «Што? Дзе? Калі?» яшчэ да таго, як трапіў у тэлевэрсію праграмы. Гуляе ён з 2006 году і ўдзельнічаў амаль ува ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ў 2013-м, пасьля ўдзелу ягонай каманды «Гасіла» ў «Брэйн-рынгу», іх запрасілі ў так званую «элітарку». Каманда Фёдара Шведава адгуляла 8 сэзонаў, апошні — у траўні 2020-га. У 2017-м Фёдар здабыў Вялікую крыштальную саву як найлепшы гулец сэзону.

Затрымалі за чахол з надпісам «Маліцеся за Беларусь»

5 красавіка праваабаронцы прызналі палітзьняволеным Дзьмітрыя Шчамера, паведамляе «Хрысьціянская візія».

Пасьля затрыманьня ў маладога чалавека, як сьцьвярджаюць сілавікі, знайшлі фатаздымкі з пратэстаў 2020 году. Гэта стала нагодай для завядзеньня крымінальнай справы паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Дзьмітры Шчамер — плывец, кандыдат у майстры спорту. Яго затрымалі за выяву дзяўчыны за малітвай з надпісам «Pray for Belarus».

Па стане на 5 красавіка ў Беларусі 1400 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большай.

Беларуса, які адбывае тэрмін на «хіміі», арыштавалі на 15 дзён

Прычынай арышту стала падпіска на ТГ-канал «Краіна для жыцьця», піша «Вясна».

Паведамляецца, што мужчына адбывае свой тэрмін паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»).

Работніка ЖКГ пакаралі грамадзкімі працамі за выяву нацыянальнага сьцяга ў сацсетках

Суд Бераставіцкага раёну пакараў мясцовага жыхара 60 гадзінамі грамадзкіх працаў нібыта за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый (частка 1 артыкула 24.23 КаАП). Пра гэта гаворыцца ў пастанове суду, на якую зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Право имеют».

Выява бел-чырвона-белага сьцяга на асабістай старонцы мужчыны ў сацсетцы «ЎКантакце» выявілі ў кабінэце РУУС пры праверцы ягонага тэлефона. Суд палічыў гэта пікетаваньнем. Пра асуджанага вядома, што ён працуе ў ЖКГ Бераставіцкага раёну, выхоўвае непаўналетніх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG