Аб правядзеньні рэгулярных сустрэч паміж прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэта і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі дамовіліся на сустрэчы 14 красавіка ў Канадзе дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
«Свой візыт у Канаду я пачала зь цёплай сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Мы абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і неабходнасьць умацаваньня нашай ідэнтычнасьці, мовы і культуры», — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
«Гэта была цёплая сяброўская гутарка, размаўлялі пра сытуацыю ўнутры краіны і стан беларускай дыяспары, пра неабходнасьць ўмацаваньня беларускай ідэнтычнасьці, мовы і культуры, а таксама пра міжнароднае адвакатаваньне інтарэсаў беларусаў.
Ціханоўская ўручыла Івонцы Сурвіле новую ўзнагароду Аб’яднанага пераходнага кабінэта — Крыж Адраджэньня Беларусі пад нумарам 1. Узнагарода распрацаваная Геральдычнай радай», — паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Рада БНР пазыцыянуе сябе як найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
У рамках паездкі ў Канаду 14–15 красавіка Ціханоўская сустрэнецца з прэмʼер-міністрам краіны Джастынам Трудо, міністрам замежных спраў Мэляні Жалі, сьпікерам Палаты грамад Грэгам Фэргусам, а таксама сьпікеркай Сэнату Рэмонд Ганье.
Напярэдадні візыту Ціханоўская заявіла, што дэмакратычныя сілы чакаюць ад Канады лідэрства «ў глябальнай барацьбе за свабоду і дэмакратыю».
«Трэба максымальна ціснуць на рэжым Лукашэнкі, каб дабіцца вызваленьня палітвязьняў, — заявіла Ціханоўская. — Нам патрэбна падтрымка нашай грамадзянскай супольнасьці з боку Канады, у першую чаргу незалежных СМІ, каб супрацьстаяць расейскай і лукашэнкаўскай прапагандзе. Свабодная Беларусь бачыць у Канадзе стратэгічнага партнэра і саюзьніка».
- Гэта другі візыт Ціханоўскай у Канаду. Упершыню яна наведала гэтую краіну ў лістападзе 2022 году.
- Тады Атава абʼявіла аб увядзеньні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі «за садзейнічаньне і падтрымку незаконнага ўварваньня Расеі і спробу анэксіі ўкраінскай тэрыторыі».