Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
Рашэньне прынятае судзьдзёй Кастрычніцкага раёна Менску Аленай Жывіцай.
Музыкі прызнаныя вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
12 красавіка музыкі былі ўключаныя МУС у «сьпіс экстрэмістаў».
Музыкаў Nizkiz затрымалі 5 студзеня 2024 году. Празь некалькі дзён, 8 студзеня, іх судзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць»). Рашэньне па той справе, якую разглядала судзьдзя Вікторыя Палякова, невядомае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за ўдзел у пратэстах судзяць музыкаў гурту NizkizПазьней стала вядома, што музыкаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага ў сувязі з крымінальнай справай.
У сюжэце, які выйшаў на беларускім тэлебачаньні пасьля затрыманьня ўдзельнікаў Nizkiz, сьцьвярджалася, што «музыкі пасьля падзеяў 2020 году пакінулі Беларусь і вось вырашылі вярнуцца» (паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны жылі ў краіне, пэрыядычна выяжджаючы на гастролі за мяжу).
Чацьвёрты ўдзельнік гурту — гітарыст Леанід Несьцярук — жыве ў Варшаве.
19 лютага праваабаронцы прызналі ўдзельнікаў групы палітвязьнямі.
Інды-рок-гурт Nizkiz заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Да гэтага часу выпусьціў пяць студыйных альбомаў. Уладальнік шэрагу музычных узнагарод. Сярод іншага, калектыў адзначаны прэміяй «Радыё АНТ» за 2012 год у намінацыі «Дэбют году».