19 сакавіка пачынаецца суд у крымінальнай справе над музыкамі гурту Nizkiz. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 году паводле арт. 342 КК, паведамляе «Вясна».
Удзельнікам «Nizkiz» пагражае абмежаваньне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Справу разглядае судзьдзя Алена Жывіца.
Вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзьмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня. Спачатку палітвязьняў асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а пазьней перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
У сюжэце, які выйшаў на Беларускай тэлевізіі пасьля затрыманьня ўдзельнікаў Nizkiz, сьцьвярджалася, што «музыканты пасьля падзеяў 2020 году пакінулі Беларусь і вырашылі вярнуцца» (паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны жылі ў краіне, пэрыядычна выяжджаючы на гастролі). Пры гэтым, што канкрэтна ставіцца ў віну затрыманым, не ўдакладнялася.
Прадэманстраваны ў этэры відэазапіс сьведчыць, што музыкаў затрымалі ў іхных дамах узброеныя сілавікі.
Чацьвёрты ўдзельнік групы, гітарыст Леанід Несьцярук, на волі. Ён жыве ў Варшаве.
Індзі-рок-гурт Nizkiz заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Да гэтага часу выпусьціў пяць студыйных альбомаў. Уладальнік шэрагу музычных узнагарод, сярод іншага адзначаны прэміяй «Радыё АНТ» за 2012 год у намінацыі «Дэбют году».