Украіна лічыць недапушчальным допуск на Алімпійскія гульні ў Парыжы расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію — адпаведны ліст падпісалі міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бідны, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Вадзім Гутцайт і прэзыдэнт Асацыяцыі дужаньня Ўкраіны Юрый Капытко.
Мінспорту і НАК апублікавалі копію ліста на імя кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэту Томаса Баха і прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі дужаньня Нэнада Лалавіча.
«Недапушчальна дапускаць да міжнародных спаборніцтваў спартоўцаў з краін-агрэсараў. Падпісанты зьвяртаюць увагу на такіх спартоўцаў, як Ванэса Каладзінская, Заурбек Сідакоў, Заур Угуеў, Мілад Алірзаеў, Сяргей Сямёнаў, Надзея Сакалова, Аліна Касабіева, Ханум Вяліева, Натальля Малышава і Артур Найфонаў, якія зьяўляюцца агентамі гібрыднага ўплыву Расеі», — гаворыцца ў тэксьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякага прапагандысцкага эфэкту ад удзелу ў Алімпіядзе рэжым не атрымае», — АпейкінУ лісьце зьмяшчаецца падрабязны сьпіс спасылак, якія, на думку Мінспорту, ілюструюць падтрымку названымі спартоўцамі вайны Расеі супраць Украіны.
Кіраўнікі спартовых устаноў Украіны заклікаюць міжнародных партнэраў «зрабіць захады дзеля выкананьня рэкамэндацый Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна нэўтральнага статусу спартоўцаў з Расеі і Беларусі, а таксама недапушчэньня гэтых асобаў да міжнародных спаборніцтваў».
У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек. Што тычыцца беларусаў, то ў іх ужо ёсьць 19 ліцэнзій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў ПарыжыУ сьнежні 2023 году МАК вырашыў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць выступаць на Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.
Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць здабытых беларускімі спартоўцамі алімпійскіх ліцэнзій павялічылася