Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што краіны СНД пацьвердзілі сваю салідарнасьць з Расеяй у сувязі з тэрарыстычнай атакай у «Крокус Сіці Холе».
«Усе нашы калегі ў часе сваіх выступаў пацьвердзілі салідарнасьць з Расеяй, зь яе народам перад абліччам пагрозы тэрарызму, у тым ліку ў сувязі з агідным тэрарыстычным актам у «Крокус Сіці», — працытавала Сяргея Лаўрова дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час выданьне «Азія-Плюс» паведаміла пра даволі рэзкі выступ у Менску міністра замежных спраў Таджыкістану Сіраджыдына Мухрыдына.
У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на недапушчальнасьць катаваньняў датычна падазраваных і фармаваньне варожасьці і нянавісьці датычна грамадзян Таджыкістану.
«Пры расьсьледаваньні тэрарыстычнага акту 22 сакавіка ў Маскоўскай вобласьці праваахоўныя органы павінны выконваць нормы і прынцыпы міжнароднага права, патрабаваньні свайго заканадаўства, асабліва ў частцы прэзумпцыі невінаватасьці, забароны катаваньняў і жорсткага стаўленьня да затрыманых», — заявіў кіраўнік МЗС Таджыкістану на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў СНД.
Паводле яго, «дэманстрацыя ў адкрытай інфармацыйнай прасторы кадраў затрыманьня імаверных выканаўцаў тэрарыстычнага акту 22 сакавіка ў Маскоўскай вобласьці з выкарыстаньнем катаваньняў датычна іх у выглядзе нанясеньня цялесных калецтваў недапушчальная. Цана прызнаньняў, здабытых такім чынам, усім добра вядомая».
Сіраджыдын Мухрыдын таксама заявіў пра недапушчальнасьць фармаваньня нэгатыўнага стаўленьня да грамадзян Таджыкістану і таджыкаў, што адбываецца ў выніку «непрадуманай інфармацыйнай кампаніі».
«Нельга дапусьціць фармаваньня ў інфармацыйнай прасторы краін СНД атмасфэры нянавісьці, ксэнафобіі і расізму датычна грамадзян іншаземных дзяржаў», — заявіў міністар замежных спраў Таджыкістану.
Сіраджыдын Мухрыдын дадаў, што Таджыкістан чакае неперадузятага і справядлівага расьсьледаваньня тэракту ў «Крокусе».
«Пакараньне павінны панесьці ўсе: і арганізатары, і выканаўцы, і памагатыя, і заказчыкі гэтага жахлівага злачынства», — падкрэсьліў Сіраджыдын Мухрыдын.
У сувязі з гэтым ён прапанаваў павялічыць эфэктыўнасьць Антытэрарыстычнага цэнтру СНД.
Пра рэакцыю Сяргея Лаўрова на гэтыя заявы таджыкістанскага калегі не паведамляецца.
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.
Сьледчы камітэт РФ раней паведамляў пра затрыманьне 12 падазраваных, вядома пра арышт 10 зь іх — у асноўным грамадзян Таджыкістану.
Пасьля першых затрыманьняў некалькі праваенных расейскіх каналаў апублікавалі здымкі і відэазапіс катаваньняў падазраваных у нападзе на канцэртную залю «Крокус сіці хол» — аднаму зь іх да геніталій падключылі вайсковы апарат сувязі ТА-57, які, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць для катаваньняў разрадамі электрычнасьці, а другому адрэзалі нажом кавалак вуха, а затым прымушалі гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.
У судах, калі ўхваляліся рашэньні аб арышце падазраваных, яны выглядалі моцна зьбітымі.
Расейскія ўлады ніяк не пракамэнтавалі відэа з катаваньнямі затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША за два тыдні ўказалі Расеі на «Крокус Сіці Хол» як цэль магчымага тэракту, — The Washington Post