Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна адмовіўся адказваць на пытаньне пра тое, што чацьвёра падазраваных у тэрарыстычнай атацы ў канцэртнай залі маглі зазнаваць гвалт падчас і пасьля затрыманьня.
«Я пакідаю гэтае пытаньне без адказу», — заявіў прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў, пасьля таго як журналіст спытаў яго пра «відочныя сьляды гвалту» на падазраваных, калі тыя выступілі ў судзе напярэдадні.
Пяскоў у цэлым высока ацаніў сілавікоў краіны, заявіўшы, што яны «працуюць нястомна і супрацьстаяць усім пагрозам, усім выклікам, якія стаяць перад нашай краінай». Ён дадаў, што Пуцін сустрэнецца з высокапастаўленымі чыноўнікамі пазьней 25 сакавіка, каб абмеркаваць расьсьледаваньне нападу 22 сакавіка, у выніку якога 137 чалавек загінулі і больш за 180 атрымалі раненьні. Каля 100 чалавек застаюцца ў шпіталях.
Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што 11 чалавек затрыманыя ў сувязі з нападам 22 сакавіка на канцэртную пляцоўку Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску, у тым ліку чацьвёра, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні нападу.
Басманны раённы суд Масквы арыштаваў на два месяцы чатырох абвінавачаных у зьдзяйсьненьні тэракту ў «Крокус Сіці холе» — Далерджона Мірзоева, Саідакрамі Рачабалізаду, Шамсідзіна Фарыдуні і Мухамадсабіра Файзава. Пра гэта паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў агульнай юрысдыкцыі.
Частка арыштаваных не гаворыць па-расейску, толькі па-таджыцку, ім далі перакладчыка. На тварах усіх — відавочныя сьляды жорсткага затрыманьня і катаваньняў. У аднаго з падазраваных няма кавалка вуха, які, як вынікае з аднаго з апублікаваных відэа, яму адрэзаў сілавік.
Блізкі да «Расгвардыі» дэпутат Дзяржаўнай думы Аляксандар Хінштэйн паведаміў, што затрыманьне адбылося ў раёне вёскі Хацунь Карачаўскага раёну Бранскай вобласьці. Сілавікі расстралялі аўтамабіль «Рэно», аднаго з чатырох затрымалі на месцы, астатніх дагналі ў лесе.
32-гадовы Далерджон Мірзоеў быў у судзе з абрыўкам пакета на шыі. На твары, як піша «Настоящее время», зьявіліся новыя гузакі, якіх не было падчас першага допыту.
Саідакрамі Рачабалізада быў у «акварыюме» з павязкай на руцэ і моцна пабітым тварам.
25-гадовы Шамсідзін Фарыдуні быў у судзе з пашкоджанай шчакой, пра яго блізкія да сілавікоў каналы публікавалі відэа, паведамляючы, што яго катуюць токам.
19-гадовы Мухамадсабір Файзаў у судзе быў на мэдычным крэсьле. Перад гэтым яго дапытвалі ў рэанімацыі. У абвінавачанага пашкоджанае вока, устаноўлены катэтэр і мочапрыёмнік.
Усіх чатырох арыштавалі да 24 траўня.