Ужо сёньня: Усясьветны дзень рок-н-ролу

«Кароль рок-н-ролу» Элвіс Прэсьлі, 1958 год

Падзеі 13 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі​.

Дата дня

Штогод 13 красавіка адзначаецца Ўсясьветны дзень рок-н-ролу. Аднак падзея, якая дала нагоду для гэтага сьвята, адбылася на дзень раней. Менавіта 12 красавіка 1954 году Біл Гэйлі запісаў песьню «Rock Around the Clock», якая паклала пачатак новаму музычнаму стылю.

Таксама ў гэты дзень

1940 — другая масавая дэпартацыя заходніх беларусаў у Сібір (усяго было чатыры). Вывозілі найперш заможных сялянаў, прадпрымальнікаў, грамадзкіх працаўнікоў і дзеячоў культуры.

1943 — прагучала паведамленьне бэрлінскага радыё пра знойдзеныя ў Катынскім лесе масавыя пахаваньні польскіх афіцэраў.

1963 — у Менску адкрытая канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі з арганам.

1981 Янку Брылю далі званьне народнага пісьменьніка.

Янка Брыль

1991 — утвораныя Менска-Магілёўская архідыяцэзія і Горадзенская дыяцэзія.

1992 — ініцыятыўная група перадала ў Цэнтральную выбарчую камісію 446 061 подпіс за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савету Беларусі. Але кіраўніцтва Вярхоўнага Савету адмовілася ўрэшце праводзіць рэфэрэндум.

2010 — часовы ўрад Кіргізстану пазбавіў Курманбека Бакіева недатыкальнасьці.

2011 Аляксандар Лукашэнка заявіў, што тэракт у менскім мэтро раскрыты за суткі, падазраваных выканаўцаў Уладзіслава Канавалава і Дзьмітрыя Кавалёва затрымалі. У Менску, але не па ўсёй Беларусі, абвясьцілі жалобу па ахвярах.

2019 — у Курапатах на загад уладаў зьнесьлі 24 крыжы, усталяваныя на грошы грамадзкасьці ў 2017 годзе.

У гэты дзень нарадзіліся

1743 Томас Джэфэрсан, трэці прэзыдэнт ЗША (1801–1809). Джэфэрсан быў адным з айцоў-заснавальнікаў амэрыканскай дзяржавы і аўтарам Дэклярацыі незалежнасьці ЗША 1776 году.

Томас Джэфэрсан


1871Юры Матулевіч, рымска-каталіцкі рэлігійны дзяяч Заходняй Беларусі і Літвы.

1906 Сэмюэль Бэкет, ірляндзкі драматург, прадстаўнік тэатру абсурду і нобэлеўскі ляўрэат.

1960 Генадзь Мацур, мастак, каліграф.

1966Юрась Барысевіч, эсэіст, перакладчык і мастак.

У памяці

1538 Алена Глінская, зь літоўскага роду Глінскіх, другая жонка вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ і маці Івана Жахлівага. Атручаная ртуцьцю.

1695 — Жан дэ Ляфантэн, францускі паэт-баечнік.

2015 Гюнтэр Грас, нямецкі пісьменьнік.

2021 Леанід Барткевіч, сьпявак, саліст «Песьняроў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр адзін зь лідэраў гурту «Песняры» сьпявак Леанід Барткевіч