Усё пачалося з таго, што двое сяброў, Кастусь Кудраўскі зь Беларусі і Сымон Кастоўскі з Балканаў, пачалі гуляць у гульню пра Чарнобыль, яшчэ калі былі падлеткамі.
«Мне яна падабалася сваім сьветам, загадкавым і дзівосным, сяброўствам пэрсанажаў, якія дапамагалі адзін аднаму. У яе застаўся дух тых гадоў — 2007 году, калі яе выпусьцілі», — кажа Кастусь.
Сымон называе «Цень Чарнобылю» легендарнай гульнёй для постсавецкай прасторы. Тлумачыць, што яна базуецца на катастрофе, якая зьмяніла сьвет.
«Гэта расповед аб прыродзе, аб чалавеку, аб тым, што трэба мець павагу і быць асьцярожным. Там мноства групаў, у якіх свае мэты і якія канфліктуюць», — апісвае гульню Сымон.
Кастусь тлумачыць, што гуляў раней на расейскай мове — дзе тады было дастаць украінскую вэрсію? Сымон першым стаў перакладаць гульню на сэрбскую. Тады заахвоціў і сябра да стварэньня вэрсіі на роднай мове.
Кастусь перакладаў тэкст на беларускую сем гадоў. Пачынаў справу ад пачатку тройчы, бо ня быў задаволены першымі двума варыянтамі. Сёлета дапрацаваную лякалізацыю апублікавалі як раз да 17-й гадавіны з дня выпуску гульні ў Эўропе. Рэдагавала тэкст Аліна «Салавейка». Тэхнічнай часткай займаўся Сымон. Усе яны — маладыя людзі 21-23 гадоў. Сваю перакладчыцкую ініцыятыву назвалі Belarusity.
Аздобілі «залацінкамі» і замянілі пэрсанажаў
У арыгінальным тэксьце гульні 70 тысяч словаў. У перакладзе выбралі тарашкевіцу, а не наркамаўку, бо клясычны правапіс камандзе бліжэйшы. Даступныя варыянты кірыліцай і лацінкай. У арыгінальнай украінскай вэрсіі некаторыя пэрсанажы карысталіся расейскай мовай, частка — суржыкам (сумесьсю ўкраінскай і расейскай моваў). У перакладзе вырашылі ўсё перадаць па-беларуску.
Гэта ня толькі пераклад, але і лякалізацыя — набліжэньне зьместу да беларускай культуры, зазначае Сымон. У арыгінальнай украінскай вэрсіі яны заўважылі шмат адсылак да расейскай культуры, а да ўкраінскай — ніводнай. Прыкладам, там згадваюцца Пушкін і Лермантаў. Іхныя імёны ў перакладзе проста прыбралі. Радкі зь песьні Віктара Цоя «Закрой за мной дверь, я ухожу» замянілі на радок зь песьні гурту NRM. Зь дзьвюх тысяч мянушак пэрсанажаў каля 20 адсылалі да расейскай культуры, напрыклад Чабурашка або Кутузаў.
«Мы замянілі іх на пэрсанажаў зь беларускай літаратуры — умоўна Шлёму ці Вежу», — кажа Кастусь.
У арыгінальнай вэрсіі шмат пэрсанажаў таксама маюць імёны расейскіх навукоўцаў, частка зь якіх падтрымліваюць Пуціна. У перакладзе іх замянілі на імёны беларускіх навукоўцаў.
Свой тэкст перакладчыкі аздобілі «залацінкамі» — рэдкімі, забытымі словамі. Прыкладам, «шрубаванка» — зброя, якая мае шрубаваную рулю (вінтоўка); «зьдзяйсьняр мараў» — той, хто зьдзяйсьняе мары; «кешкацца» — марудзіць.
Складаным момантам перакладчыкі называюць брак вайсковай тэрміналёгіі па-беларуску. Дапамаглі знайсьці аналягі, да прыкладу, «Лісты Яна Станкевіча да Антона Адамовіча».
«Мы даволі глыбака вывучалі беларускую мову»
Кастусь расказвае, што ў яго няма філялягічнай або лінгвістычнай адукацыі. Ён сьвядома не сканчаў ніякай вышэйшай навучальнай установы. Але апошнія пяць гадоў самастойна вывучаў беларускую мову.
«Я лічу, што не канечне мець адукацыю, дыплём, каб перакладаць, нават афіцыйна, мець замовы… Пераклад — гэта ня толькі веданьне мовы, зь якой перакладаеш і на якую перакладаеш. Гэта ўменьне пісаць прыгожа, гэта мастацтва», — кажа ён.
«Не заўсёды дыплём — паказьнік добрых ведаў», — дадае Аліна.
Яна вучылася ў дзьвюх вучэльнях у Беларусі, але адусюль забрала дакумэнты, бо не была задаволеная якасьцю навучаньня. Яна таксама самастойна заўзята вывучала беларускую мову, чытала мовазнаўчую літаратуру, артыкулы, глядзела лекцыі, рабіла нататкі, шукала адметнасьці мовы.
«Мы даволі глыбака вывучалі беларускую мову. І, мабыць, нейкія адметы ўжываем, якія ня надта звычайна чуць, бачыць простым беларусам. І таму мы можам патлумачыць, зьясьніць усё, што мы ўжываем, прывесьці нейкія прыклады са слоўнікаў, навуковых артыкулаў, мовазнаўчай літаратуры, каб пацьвердзіць выбар кожнага слова. Мы вельмі адказна ставімся да працы, у нас заўжды ёсьць нейкі грунт», — тлумачыць Аліна.
Нават Сымон з Балканаў у размовах зь сябрам навучыўся беларускай мове. Ён добра гаворыць падчас нашай гутаркі па-беларуску, хаця кажа, адмыслова гэтую мову не вучыў.
Пераклад гульні каштуе 3,5 тысячы даляраў
Дазвол на лякалізацыю ў аўтараў гульні перакладчыкі не прасілі. Тлумачаць, што рабілі не афіцыйны пераклад гульні, а мадыфікацыю. Яны ведаюць, што часам аўтары гульняў выказваюць прэтэнзіі да перакладчыкаў, але думаюць, што гэта ня іхны выпадак. Яны плянуюць зьвязацца са стваральнікамі арыгінальнай гульні і расказаць пра сваю вэрсію.
«Мы будзем шчасныя, калі яны дададуць нашую лякалізацыю», — кажа Кастусь.
Усю працу ўдзельнікі каманды рабілі на валянтэрскіх пачатках. Асноўны час заняў уласна пераклад. Кастусь тлумачыць, што калі б сеў і займаўся перакладам безь перапынку, то адолеў бы яго за 3-4 месяцы. Але ў рэальнасьці часам даводзілася рабіць вялікія перапынкі ў гэтай справе. Аліна рэдагавала тэкст каля двух тыдняў па шмат гадзінаў на дзень. Сымон таксама займаўся тэхнічнай часткай каля двух тыдняў.
Толькі пераклад такой гульні каштуе ў сярэднім 3,5 тысячы даляраў, падлічваюць суразмоўцы. Расцэнкі за пераклад аднаго слова на беларускую мову — 5 эўрацэнтаў. Да гэтай сумы варта яшчэ дадаць аплату працы рэдактара і тэхнічнага супрацоўніка.
У плянах групы Belarusity перакласьці дзьве пазасталыя часткі гульні S.T.A.L.K.E.R. «Чыстае Неба» і «Кліч Прыпяці» на беларускую мову, а таксама другую сэрыю S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl.
Каманда Belarusity хоча стала займацца перакладамі. Кажуць, што гатовыя прымаць замовы як на гульні, так і на іншыя тэксты. У будучыні хочуць задзейнічаць у аўдыёперакладах актораў. Каманда адкрытая да творчых прапановаў. Цяпер іхную працу можна падтрымаць данатам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятывы і праекты, якія падтрымалі беларускую мову ў сеціве ў 2023-м ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая праца не прыносіць мне нічога, акрамя асалоды». Як мэнэджар з ІТ-сфэры ўзяўся рабіць беларускамоўныя праекты