Палітзьянволеную Кацярыну Новікаву затрымалі на пачатку лета 2023 году. Яе схапілі ў адной начной сарочцы, у якой яна і знаходзілася ў СІЗА да першай перадачы ад родных, піша «Белсат».
Пра зьдзекі з Кацярыны Новікавай пісаў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Вядома, што яе судзілі паводле сямі артыкулаў, ад «Распальваньня варожасьці» да «Гвалту супраць міліцыянта». Працэс вяла судзьдзя Алена Шылько, у выніку прысудзілі 6,5 года зьняволеньня і штраф у 3000 беларускіх рублёў, якія яна мае выплаціць у якасьці кампэнсацыі «пацярпелым».
У лісьце на туалетнай паперы Новікава піша, што пры затрыманьні яе біў супрацоўнік ГУБАЗіК Іван В., затым у сядзібе ГУБАЗіКу ў Менску на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3, яе «ставілі на сьцяг, білі ўсім кабінэтам». Сказалі, што б’юць за ейныя інтэрвію, за Telegram-канал і за звароты.
Палітзьняволеная піша, што лісты ёй амаль не даходзяць. Новікава паведаміла таксама, што «малюнкі забаранілі».
«Я ўпала з другога паверху ложка, галавой аб драўляную паліцу, — расказвае зьняволеная. — Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць выніку».
Новікава піша, што пацярпелымі ў ейнай справе выступаюць тыя, ад каго яна сама пацярпела ў 2020 годзе.
МУС, Генэральная пракуратура і іншых афіцыйныя ўстановы Беларусі не даступныя для камэнтару на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Карней абскардзіў прысуд, яго перавялі ў Магілёўскае СІЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: асуджанага на 20 гадоў калёніі Гундара яшчэ на год пазбавілі харчовых перадач