Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на Адзіны дзяржаўны рэестар звестак аб банкруцтве.
У апублікаваных дакумэнтах пазначана, што крэдыторская запазычанасьць кампаніі, выяўленая ліквідатарам, складае больш за 173 тысячы рублёў.
«Згодна з тлумачэньнем, пададзеным дакумэнтам і тлумачэньнямі прадстаўніка ліквідатара ў судовым паседжаньні, агульны кошт актываў даўжніка складае 109,7 тысячы рублёў. Маёмасьць у даўжніка адсутнічае», — гаворыцца ў пастанове суду.
Паседжаньне аб прыняцьці рашэньня наконт банкруцтва ТДА «Анвік» прызначанае на 10 ліпеня.
Вяшчаньне Radio BA і «Мэлёдыі стагодзьдзя» было спынена ў лютым мінулага году. Пазьней у сацсетках Жана Содэля, дыджэя радыёстанцый, зьявіўся пост «R.I.P. радыё „Бі-Эй“ і „Мелодии века“». Мяркуючы па запісе, радыёстанцыі закрыліся празь фінансавыя праблемы.
У сакавіку 2022 года рэдакцыі Radio ВА выносілі папярэджаньне. Прычынай сталі парушэньні заканадаўства аб СМІ, якія Мінінфарм выявіў падчас маніторынгу зьместу радыёпраграм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская рэдакцыя Радыё Ўнэт прыпыніла трансьляцыю: «Гэта не закрыцьцё, а часовы адпачынак»- Radio ВА распачало сваё вяшчаньне 24 сакавіка 1993 году і стала першай прыватнай беларускай станцыяй у FM-дыяпазоне, якая належыць сумеснаму беларуска-амэрыканскаму прадпрыемству «Бі Эй Інтэрнэшнл».
- Статус беларуска-амэрыканскага прадпрыемства станцыя атрымала за тое, што была створана пры падтрымцы амэрыканскіх хрысьціян-баптыстаў.
- З часам місіянэрская дзейнасьць «Бі-Эй» была зьведзена да мінімуму, а ўсяго празь пяць гадоў пасьля адкрыцьця, у 1998 годзе, Radio ВА называлі «найбольш пасьпяховым праектам» у FM-дыяпазоне і самай багатай радыёстанцыяй, якая перацягнула на сябе большую частку рэклямнага рынку.
- Фірмовымі галасамі Radio ВА ў свой час былі Аляксандар Памідораў, Сяргей Кузін, Тацяна Мартынава, Вольга Няфёдава, Барыс Штэрн, Дзьмітры Шунін і іншыя.
- У 1998-м радыёстанцыя нават адкрыла свой уласны начны клюб на вуліцы Сурганава ў Менску. «Юла» вельмі хутка стала папулярным месцам.
- У пачатку 2000-х была адкрыта афіляваная з ВА радыёстанцыя «Мэлёдыі стагодзьдзя».