Ці мацнеюць у Беларусі палітычныя рэпрэсіі?

Ілюстрацыйнае фота.

Тэзу пра тое, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плято, выказаў яшчэ летась у верасьні старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, сацыёляг, дасьледчык рэпрэсіяў у Беларусі Генадзь Коршунаў.

Гэтую выснову ён паўтарыў у нядаўнім інтэрвію Радыё Свабода, падсумоўваючы дадзеныя, вядомыя на канец мінулага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плято. Тлумачэньне сацыёляга Коршунава

Наколькі гэтая выснова справядлівая? Ніжэй будзе паказана, што яна справядлівая прынамсі паводле аднаго паказьніка — колькасьці палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, якія знаходзяцца за кратамі.

Сьцісла

  • Абсалютная колькасьць палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі, застаецца прыкладна стабільнай на ўзроўні 1400-1500 чалавек з вясны 2022 году.
  • З 2022 году стаў заўважальным працэс выхаду на волі палітвязьняў, зараз колькасьць былых, вызваленых палітвязьняў перавышае колькасьць тых, якія знаходзяцца за кратамі.
  • Статыстыку колькасьці палітвязьняў можа скажаць, заніжаць ціск ўладаў на сваякоў асуджаных, каб яны не паведамлялі праваабаронцам пра справы сваіх родных-вязьняў.

***

Сам Коршунаў адзначае, што палітычныя рэпрэсіі — зьява шматгранная, нават колькасна яна апісваецца шэрагам індыкатараў, і ня ўсе зь іх маюць аднолькавую дынаміку.

Дадзеныя ў табліцы прадстаўленыя ў адсотках да папярэдняга кварталу, першы квартал 2023 году ўзяты за пункт адліку

Апісваючы іх дынаміку за мінулы год, сацыёляг адзначыў, што паводле некаторых з гэтых паказьнікаў інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў летась нават павялічвалася, і адносна іх пра плято гаварыць не выпадае.

Тым ня менш колькасьць палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі, — калі не вызначальны, то важны паказьнік і ўзроўню, і вэктару рэпрэсіяў. Ён мае і грамадзкае, і палітычнае значэньне. Менавіта колькасьць палітвязьняў, а не, скажам, колькасьць затрыманых паводле палітычных матываў, прыводзяць у сваіх выступах і заявах як беларускія дэмакратычныя палітыкі, гэтак і заходнія палітыкі і ўрады.

Можна прыгадаць, што і раней — у 2008 і 2015–2016 гадах, у пэрыяды адноснай лібэралізацыі, пацяпленьня адносінаў з Захадам, скарачэньня ці скасаваньня санкцыяў, — яўна сфармуляванай умовай і крытэрам гэтых зьменаў было якраз вызваленьне палітвязьняў, а ня нейкія іншыя індыкатары ўзроўню рэпрэсіяў.

Так што ўвага менавіта да гэтага паказьніка зусім не выпадковая.

Генадзь Коршунаў у сваіх дасьледаваньнях (глядзі тут і тут) апэраваў памесячным паказьнікам колькасьці новых палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Пры гэтым ён аналізаваў дадзеныя пачынаючы з восені 2022 году.

Але, на мой погляд, больш адэкватны паказьнік — гэта абсалютная колькасьць палітвязьняў, якія ў пэўны момант застаюцца за кратамі.

Гэты паказьнік праваабарончы цэнтар «Вясна» рэгулярна прыводзіць у сваіх штомесячных справаздачах «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі».

На падставе гэтых справаздачаў я пабудаваў наступны графік, у якім адлік робіцца з пачатку выбарчай кампаніі 2020 году. Для большай нагляднасьці дадзеныя прыводзяцца па кварталах.

Графік 1.

На графіку бачна, як імкліва расла колькасьць палітвязьняў зь сярэдзіны 2020 да канца 2022 году. Але пасьля рост істотна запаволіўся. Увосень 2022 году гэты паказьнік перавысіў 1400 чалавек, у другім квартале 2023-га дасягнуў піку ў 1496 чалавек, потым павольна зьніжаўся, а ў сакавіку 2024-га фактычна вярнуўся на ўзровень восені 2022-га.

Графік 1, на мой погляд, выразна пацьвярджае тэзу Коршунава пра плято. З восені 2022 году абсалютная лічба палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі, стабілізавалася — пасьля яна вагалася ў межах плюс/мінус 50 чалавек.

І лічба ў 1400 чалавек — гэта жахлівая лічба, і плюс 50 палітвязьняў — гэта 50 жыцьцёвых трагедыяў. Але ў 2020–2021 гадах колькасьць палітвязьняў няўхільна расла штоквартальна на сотні чалавек. З восені 2022 году карціна памянялася.

Для вызначэньня мэханізму гэтай зьмены трэнду супаставім дадзеныя графіку 1 з дадзенымі пра колькасьць новых прызнаных палітвязьняў, якімі апэраваў Коршунаў.

У 2020-2021 гадах прырост абсалютнай колькасьці палітвязьняў і колькасьць новых прызнаных палітвязьняў штомесяц і штоквартальна практычна супадалі: новыя прызнаныя палітвязьні проста дадаваліся да колькасьці тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні.

Але ўжо ў гадавым аналітычным аглядзе «Вясны» за 2021 год было адзначана, што больш як 100 палітвязьняў выйшлі на волю.

І колькасьць гэтых вызваленых пачала расьці. Паводле гадавога аналітычнага агляду «Вясны» за 2022 год, «больш за 580 чалавек, прызнаных палітвязьнямі за апошнія тры гады, былі вызваленыя».

У гадавым аглядзе праваабарончага цэнтру за мінулы год гаворыцца: «1413 чалавек... пасьля пазбаўленьня волі паводле палітычных матываў вызвалены ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньнем пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, пасьля знаходжаньня пад вартай, вызваленьнем у парадку памілаваньня».

Паводле базы дадзеных «Вясны» на 11 красавіка 2024 году, у Беларусі налічваецца 1377 палітвязьняў. Пры гэтым у базе дадзеных па былых палітвязьнях на сёньня — 1760 асобаў. Колькасьць вызваленых перавысіла колькасьць тых, хто застаецца за кратамі.

З чэрвеня 2022 году «Вясна» пачала ў штомесячных справаздачах публікаваць колькасьць новых вязьняў, прызнаных палітычнымі. Наступны графік апісвае дынаміку вызваленьняў і новых зьняволеньняў.

Графік 2.

Штоквартальны прырост (ці скарачэньне) абсалютнай колькасьці палітвязьняў роўны розьніцы паміж колькасьцю новых прызнаных за квартал палітвязьняў і колькасьцю вызваленых палітвязьняў за гэты ж пэрыяд. І адносная стабільнасьць абсалютнай колькасьці палітвязьняў, і нават яе невялічкае зьмяншэньне тлумачыцца тым, што паток новых палітвязьняў прыкладна кампэнсуецца патокам вызваленых.

Тут трэба зрабіць два дысклэймэры.

Па-першае, ёсьць і іншыя ацэнкі колькасьці палітвязьняў, адрозныя ад тых, што дае праваабарончая супольнасьць, у якую ўваходзіць «Вясна». Напрыклад, цэнтар Dissidentby дае ацэнку колькасьці палітвязьняў на 11 красавіка 2024 году ў 1560 чалавек — на 183 чалавекі больш, чым праваабарончая супольнасьць. Розныя праваабаронцы маюць розныя крытэры аднясеньня да палітвязьняў асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах. Усе канстатуюць, што асуджаных па такіх справах больш, чым тых, каго прызнаюць палітвязьнямі.

Па-другое, з пэўнага часу праваабаронцы фіксуюць новую сумную тэндэнцыю — сваякі некаторых асуджаных «за палітыку» не паведамляюць праваабаронцам пра справы іх блізкіх і ня хочуць, каб іх зьняволеныя сваякі прызнаваліся палітвязьнямі і фігуравалі ў сьпісах палітвязьняў. На сваякоў вязьняў улады чыняць ціск, і некаторыя яму паддаюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў добрым чалавекам, кампанейскім». Што вядома пра абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі, які памёр у берасьцейскім СІЗА

Сьвежы прыклад — падпалкоўнік запасу Аляксандар Кулініч, абвінавачаны ў «абразе Лукашэнкі», які памёр 9 красавіка ў берасьцейскім СІЗА.

Праваабаронцы паведамляюць, што не прызналі яго палітвязьнем, бо проста ня мелі інфармацыі пра гэтую справу.

А колькі такіх справаў па краіне, пра якія праваабаронцам невядома, альбо сваякі просяць пра іх не паведамляць?

Такім чынам, статыстыка, адлюстраваная на графіках 1-2 — магчыма, не зусім дакладная.

Ня выключана, што яна такая невыпадкова, што гэта вынік сьвядомай палітыкі ўладаў — каб не псаваць статыстыку, каб на сталах заходніх палітыкаў і чыноўнікаў ляжала прыкладна адна і тая ж лічба — у Беларусі каля 1500 палітвязьняў. Фактычна ўжо амаль два гады.

Вэрсія крыху патыхае кансьпіралёгіяй. Але на яе карысьць прынамсі адзначаны вышэй ціск на родных вязьняў, каб тыя не паведамлялі праваабаронцам пра справы іх сваякоў і пярэчылі ўключэньню іх у сьпіс палітзьняволеных.

У 2020–2022 гадах на сваякоў зьняволеных паводле палітычных матываў ціснулі па-рознаму і за рознае. Але не з такім патрабаваньнем. І колькасьць палітвязьняў за кратамі павялічвалася імкліва. З восені 2022 году тэндэнцыя зьмянілася. І патрабаваньне ўзьнікла. «Пасьля гэтага — значыць, у выніку гэтага» — распаўсюджаная лягічная памылка. Але цалкам выключаць вэрсію сьвядомага ўплыву на статыстыку не выпадае.

Аднак усьведамленьне недакладнасьці інфармацыі наўпрост не ператвараецца ў наяўнасьць іншай, больш дакладнай інфармацыі. Калі заходнім палітыкам і ўрадоўцам кладзецца на стол лічба — «каля 1500 палітвязьняў у Беларусі», у іх ёсьць пэўны пункт адліку, база для параўнаньня і прыняцьця пэўных рашэньняў.

Калі ім кажуць, што падлічыць колькасьць палітвязьняў немагчыма ў прынцыпе, што іх можа быць насамрэч і значна больш, а Беларусь упэўнена рушыць у бок таталітарызму — баюся, што рашэньні яны прымаюць іншыя. І не відавочна, што лепшыя для Беларусі, чым тыя, якія прымаюцца на падставе ўцямных, хай і не зусім дакладных, лічбаў.