Хатняя мова. Гісторыі 90-гадовых беларусаў Аўстраліі, якія не забыліся на свае карані

Мікалай і Галіна Кандрусікі з Падляшша (зьлева) і Яўгенія Юрша з-пад Слоніма, каляж Свабоды

Расказваем гісторыі Яўгеніі з-пад Слоніма, Мікалая і Галіны з Падляшша. Яны пражылі на зялёным кантынэнце больш, чым на радзіме, і ведаюць, як празь дзясяткі гадоў захаваць сваю мову і карані.

Вучылася па-польску, паміж сабой гаварылі «па-хатняму»

Яўгеніі Юршы 98 гадоў. Амаль 80 зь іх яна жыве ў Аўстраліі, горадзе Адэлаідзе. Цяпер знаходзіцца ў шпіталі. У апошнія гады пагоршылася здароўе. Але яшчэ ў 2020-м яна выходзіла на беларускія акцыі салідарнасьці.

Яўгенія (у дзявоцтве Князюк) нарадзілася пад Слонімам за «польскім часам». У роднай вёсцы Трыбушкі ў пачатку мінулага стагодзьдзя пасяліліся некалькі сем’яў з Валыні, якія ўцякалі ад Першай усясьветнай вайны. У 1928 годзе ў Трыбушках жылі 143 чалавекі. У 1964 годзе вёску перайменавалі ў Мірную. Жылымі там заставалася некалькі двароў.

Яўгенія Юрша

Бацькі Яўгеніі былі беларусамі.

«Бацьку звалі па-беларуску Юрко, маму Алена. У маёй мамы была толькі адна я. Бацькі разышліся праз п’янства. Мой татка ня быў вельмі веруючы, ажаніўся другі раз з каталічкай. Я мела зводную сястру Вераніку», — расказвае суразмоўца.

Дома гаварылі па-беларуску. У школе вучыліся па-польску. Аднак настаўнікі не забаранялі ў школе беларускую мову, паміж сабой дзеці гаварылі «па-хатняму». Дзьве апошнія клясы вучыліся ўжо па-расейску і па-беларуску, бо прыйшлі «саветы». Яўгенія скончыла 6 клясаў школы.

«Беларуская была мая першая мова, якой я навучылася. Пазьней вучыла польскую мову, пасьля расейскую, пасьля германскую, пасьля ангельскую, і ў Аўстраліі засталася з ангельскай мовай», — пералічвае яна.

Жанчына тлумачыць, навошта ёй патрэбна беларуская, калі цяпер можна абысьціся адной ангельскай.

«То ёсьць родная мова дзядоў, прадзедаў. Яны на гэтай мове гаварылі. Я на гэтай мове навучылася гаварыць, калі зь дзецьмі гуляла ў хованкі ці іншыя дзіцячыя гульні», — кажа яна.

Сям’я Князюкоў, па словах жанчыны, даўней была каталіцкай. «Часта, як я малая яшчэ была, хадзілі з мамай у Жыровічы. Там хтосьці са сваякоў быў. Мы з даўнейшых часоў былі каталікі, але пад Расеяй ужо маліліся па-расейску», — расказвае жанчына.

Князюкі мелі сваю хату, зямлю, гаспадарку. Але малую дзяўчынку не змушалі да працы. Маці казала, каб тая найперш вучылася.

«Я не хацела вяртацца ў СССР»

Калі Заходнюю Беларусь далучылі да БССР, Яўгеніі было 13 гадоў; калі «прыйшлі немцы» — 15. Яна ня любіць успамінаць той пэрыяд свайго жыцьця.

Яўгенія Юрша

«Няма розьніцы, як беларусы перажылі цяжкія часы. І пад бальшавікамі, і пад немцамі многія загінулі», — кажа спадарыня Яўгенія.

Немцы забілі ейную маці. Яўгенія думае, што за партызанаў, якія бывалі ў вёсцы і «ўсё забіралі». Зь ейных успамінаў, тады загінулі больш за 20 чалавек. Паводле іншых зьвестак, 26 сьнежня 1942 году падчас карнай апэрацыі «Баграціён» фашысты забілі прыкладна 145 мірных жыхароў вёскі Трыбушкі.

У 16 гадоў Яўгенію забралі ў Нямеччыну. Там яна працавала на авіяцыйным заводзе Lufthansa. У Нямеччыне выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. Пасьля вайны не хацела вяртацца на радзіму. Сталін дазволіў жыхарам Заходняй Беларусі выехаць далей, а ўсіх савецкіх людзей сілай вярталі ў Савецкі Саюз.

«Я не хацела вяртацца ў СССР, бо ведала, якая „добрая“ была савецкая ўлада. Бедны народ. Калі там засьвяціла „красная звезда“, я не хацела туды», — тлумачыць беларуска.

Так Яўгенія аказалася ў Аўстраліі. Кажа, што знайсьці працу было нескладана, бо яшчэ ў Нямеччыне пачала вучыць ангельскую мову. Так яна ўладкавалася на фірму «да Філіпса» электрыкам.

«Беларусы маюць у сьвеце павагу. У вайну мы працавалі ў Lufthansa. Я бачыла, што там мелі рэспэкт да нашых людзей. Ня ўсе былі пісьменныя, як я. Але ўсе гаварылі роднай мовай вельмі добра... Я мела добры выгляд. Я мела працу, якая патрабавала добра выглядаць. Я без акуляраў магла працаваць, — расказвае яна.

У Аўстраліі нарадзіўся трэці сын Яўгеніі. У сям’і зь дзецьмі гаварылі па-польску, бо муж Станіслаў быў шляхцічам зь Віленшчыны, а таксама па-ангельску. Беларускай мовы сыны амаль ня ведаюць. Толькі малодшы пабраўся зь дзяўчынай зь Менску і ад яе навучыўся гаварыць па-беларуску. Іншыя ажаніліся з аўстралійкамі («Шляхцянкамі», — падкрэсьлівае спадарыня Яўгенія).

Яўгенія падчас адной з акцыяў беларускай дыяспары

У Аўстраліі яна таксама была сакратаркай беларускай суполкі. На імпрэзах чытала вершы, сьпявала. Прымала ў сваім доме ўцекачоў зь Беларусі.

Пасьля эміграцыі яна езьдзіла ўжо ў сучасную Беларусь двойчы, у сваю вёску. Там у далёкіх сваякоў засталася іхная зямля, дом згарэў, засталося толькі гумно.

«Тыя, хто былі ў маіх гадах, памяталі мяне. Радаваліся, бо я зь імі гаварыла толькі па-беларуску. І яны: „А вы не забыліся роднае мовы?“ — „Не“. Я вярнулася ў каталіцкі касьцёл, бо ведала, што дзяды мае і прадзеды былі каталікі. У касьцёле ў Новадзявяткавічах (побач з роднай вёскай. — РС) людзі моляцца на роднай мове», — успамінае яна.

Спадарыня Яўгенія спачатку цытуе радкі з гімна «Магутны Божа». І раптоўна пачынае сьпяваць «Люблю наш край, старонку гэту».

Тры гады чакаў дазволу, каб паехаць да жонкі

Яшчэ адна сям’я беларусаў прыехала ў Аўстралію з Падляшша. Мікалаю Кандрусіку 92 гады, ягонай жонцы Галіне — 82.

Галіна (у дзявоцтве Яновіч) нарадзілася ў вёсцы Мілейчыцы, за 100 кілямэтраў ад Беластоку. Ейнага бацьку падчас вайны забралі ў Нямеччыну. Адтуль ён не вярнуўся дадому, а паехаў у Аўстралію (выбар быў паміж ёй і ЗША). Потым да яго прыехала і Галіна з братам. Маці Галіны засталася на радзіме.

Мікалай і Галіна

Празь дзевяць гадоў дзяўчына сабралася праведаць маці. Тады і пазнаёміліся са сваім будучым мужам Мікалаем, які паходзіў зь вёскі Пянькі пад Беластокам. Ён жыў побач з Гарадком — месцам, дзе цягам 30 гадоў праходзіў беларускі рок-фэстываль «Басовішча».

Маладыя пабраліся ў Беластоку. Галіна вярнулася ў Аўстралію, а Мікалай здолеў далучыцца толькі праз тры гады — раней яго не пускалі польскія ўлады.

«У той час не было так лёгка выехаць маладым... З камэнды (аддзелу паліцыі. — РС) Беластоку прыехалі да нас на сяло. Мы пазнаёміліся, я запрасіў іх у госьці. Яны стаяць, глядзяць, што мы разам на здымку — я і жонка. Яны кажуць: „А дзе яна?“. Маці кажа, што яна ў Аўстраліі, а я стараюся, але не пускаюць. Адзін сказаў, што дапаможа. Ён стараўся — і дапамог мне ў гэтым. Так я выехаў», — успамінае мужчына.

Шлях ляжаў праз Чэхаславаччыну і Італію, адкуль параходам ён цэлы месяц плыў на поўдзень. Мікалаю тады было 40 гадоў. У Аўстраліі ён уладкаваўся на фабрыку грузавых аўтамабіляў Chrysler. Працаваў там усё жыцьцё. На радзіме быў кіроўцам. Галіна працавала ў Аўстраліі спачатку на фабрыцы, потым у шпіталі.

Мікалай іграў на акардэоне. На Беласточчыне ён разам з гуртам зайграў на сотні вясельляў. Пазьней ладзілі канцэрты зь беларускімі танцамі і сьпевамі ў Аўстраліі. Таксама падтрымлівалі беларускую царкву ў Адэлаідзе. Бралі ўдзел у зьездах беларусаў Аўстраліі.

«Дачка больш лічыць сябе аўстралійкай»

Сужэнцы дагэтуль досыць добра гавораць па-беларуску. Так яны размаўляюць паміж сабой дома, так яны гаварылі ў сваіх бацькоўскіх сем’ях. Вучыліся ж у польскіх школах.

Галіна

«Я беларуска, заўсёды пісалася беларускай. Як мама навучыць беларускай мове, так не забудзесься. Як чалавек чуецца беларусам, то ня можа забыць сваю мову. Можа, ня чыстая мая беларуская мова, але я беларуска», — тлумачыць спадарыня Галіна.

Мікалай мяркуе, што найлепш па-беларуску на Падляшшы гаварылі менавіта ў ягоным рэгіёне. У іншых месцах зьяўляўся «акцэнт». На ягоную думку, там найбольш прыязна жылі палякі побач зь беларусамі.

Мікалай

«Што з маладых гадоў навучыўся, тое да канца жыцьця будзеш памятаць», — тлумачыць ён.

Двое іхных дзяцей, якія нарадзіліся ў Аўстраліі, амаль не карыстаюцца беларускай, гавораць па-ангельску. Дачка жыве ў Мэльбурне, сын у Адэлаідзе. Ёсьць чацьвёра ўнукаў.

«Калі былі меншыя, то і сьпевы беларускія сьпявалі і танцы беларускія танцавалі. Лічылі сябе беларусамі. Дачка цяпер больш лічыць сябе аўстралійкай, бо муж аўстраліец і вырасла тут. Яна больш па-ангельску гаворыць, чым па-нашаму, ня ўмее шмат. Як дзеці былі малыя, мы зь імі трошку па-беларуску, трошку па-ангельску: бо гаворыш па-беларуску, яны адказваюць па-ангельску», — успамінае Галіна.

У 1998 годзе Мікалай з Галінай езьдзілі ў Польшчу да родных на тры месяцы. У 2019 годзе Галіна адна прыяжджала да сваякоў.

«Ня ведаю, як там у Польшчы. Тут, у Аўстраліі, няма праблемаў. Можа, у кагосьці ёсьць праблемы. Але калі хтосьці не працуе, то атрымлівае пэнсію. Мы цяпер маем аўстралійскае грамадзянства. Бэкграўнд пішам — „беларус“», — адказвае Мікалай на пытаньне пра ўражаньні ад паездкі на Бацькаўшчыну.