«Я вельмі рада ступіць на нашу беларускую зямлю», — сказала Марына Васілеўская.
Па вяртаньні ў Беларусь Васілеўская найперш накіравалася на сустрэчу з Лукашэнкам.
Аляксандар Лукашэнка прысвоіў касманаўтцы Марыне Васілеўскай званьне Героя Беларусі: падчас цырымоніі ў Палацы незалежнасьці ён уручыў ёй адпаведны мэдаль і пасьведчаньне касманаўта, піша БелТА.
«Яе палёт — гэта новы ўзровень удзелу ў касьмічных праграмах, паўтару, сувэрэннай Беларусі і новы ўзровень саюзных, вельмі добрых, брацкіх адносінаў Беларусі і Расеі, нашых народаў», — заявіў Лукашэнка і зазначыў, што палёт Васілеўскай «вывеў Беларусь у лік касьмічных дзяржаваў».
Сустрэча прайшла перад адлётам Лукашэнкі ў Расею, які ўчора анансавала ягоная прэс-служба. У Маскве Лукашэнка плянуе правесьці перамовы з Пуціным, а 12 красавіка яны паўдзельнічаюць у імпрэзе з нагоды Дня касманаўтыкі, дзе падвядуць вынікі місіі на МКС, паразмаўляюць з касманаўтамі, «абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва ў касьмічнай сфэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зь неанансаваным візытам ляціць у Расею6 красавіка Марына Васілеўская разам з касманаўтам дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Алегам Навіцкім, а таксама астранаўткай NASA Лорэл О’Хары вярнуліся на Зямлю. Касьмічны карабель «Саюз МС-24» прызямліўся ў 10:17 паводле менскага часу ў Казахстане.
Касьмічны палёт першай у гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўткі Марыны Васілеўскай на МКС працягнуўся 14 дзён — з 23 сакавіка па 6 красавіка 2024 году. Дванаццаць зь іх яна правяла на Міжнароднай касьмічнай станцыі, дзе выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з «Раскосмасам» і Расейскай акадэміяй навук.
Навуковая праграма ўключала 7 мэтавых работ — 5 навукова-дасьледчых і 2 адукацыйныя праекты. Навуковыя дасьледаваньні — у галіне біялёгіі, фізыялёгіі, аўтаномнага функцыянаваньня касьмічных станцый, дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі з выкарыстаньнем фота- і відэаспэктральнай апаратуры беларускай вытворчасьці, якая знаходзіцца на МКС. Таксама Васілеўская дасьледавала ляктафэрын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстаньня ў стварэньні прадуктаў харчаваньня для касманаўтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская вярнулася з МКС на Зямлю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і касьмічная дзяржава. Чым скончыцца чарговы палітычны праект беларускіх уладаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палёт у космас — падарунак Беларусі за ляяльнасьць». Як Беларусь асвойвала космас і колькі гэта каштуе