У Беларусі ў пяці раёнах пачаліся вучэньні з удзелам вялікай колькасьці вайскоўцаў запасу

ЗРК «Бук» на парадзе ў Менску ў 2019 годзе. Ілюстрацыйнае фота

28 сакавіка стала вядома, што ў 120-й зэнітнай брыгадзе пачалі здымаць тэхніку з захаваньня і прыводзіць сілы ў гатоўнасьць для выкананьня задач.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку двухдзённых вучэньняў 120-й зэнітнай брыгады, у якіх возьме ўдзел вялікая колькасьць вайскоўцаў запасу.

«Вучэньні будуць праходзіць цягам двух содняў у пяці раёнах. Асаблівасьць вучэньняў у тым, што ўпершыню ў Вайскова-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны маштабныя задачы выконваюць з прыцягненьнем вялікай колькасьці вайскоўцаў, прызваных з запасу», — працытавала прэсавая служба ведамства камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэя Лук’яновіча.

Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч

У часе вучэньняў плянуюць адпрацаваць «новыя спосабы» выкарыстаньня зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», а таксама пытаньням «адбіцьця паветранага нападу праціўніка, у тым ліку пры дапамозе бесьпілётнікаў, павышэньня жывучасьці падразьдзелаў, разьмяшчэньня на мясцовасьці, маскіроўкі, супрацьдзеяньня дывэрсійна-выведным групам умоўнага праціўніка».

28 сакавіка стала вядома, што ў гэтай брыгадзе пачалі зьнімаць тэхніку з захаваньня і прыводзіць яе сілы ў гатоўнасьць для выкананьня задач. Яна дысьлякуецца ў Баранавічах Берасьцейскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў чатырох абласьцях пачаўся ключавы этап праверкі боегатоўнасьці

11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак у адказ на правядзеньне ля межаў Беларусі вучэньняў NATO.

Першага красавіка ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку вучэньняў з выкарыстаньнем рэактыўных сыстэм залпавага агню «Палянэз».

На тэрыторыі Беларусі ўвесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўцягвае Беларусь у вайну ці ён усё ж гарант міру? Які вобраз цяпер дамінуе