Эўрапейскім краінам варта павялічыць падтрымку беларускім незалежным СМІ, якім, «нягледзячы на іх жывучасьць, пагражае небясьпека», гаворыцца ў заяве міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) па выніках аналізу працы 69 беларускіх СМІ ў выгнаньні.
«Беларускія журналісты, якія апынуліся ў выгнаньні ў Эўропе, сутыкаюцца з эканамічнымі праблемамі. Гэта пагражае выжываньню іх СМІ <...>. Ратуючыся ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і дэманструючы ўзорную стойкасьць, гэтыя рэпартэры і іх мэдыя цяпер маюць патрэбу ў больш шырокай падтрымцы з боку краінаў, якія іх прымаюць», — адзначаецца ў звароце.
У ім падкрэсьліваецца, што Беларусь перасьледуе журналістаў «у поўную сілу» пасьля падзей жніўня 2020 году, што прывяло да «гістарычнага сыходу апошніх нязгодных галасоў зь Беларусі», але нават працуючы ў выгнаньні, незалежныя беларускія СМІ «захоўваюць значную аўдыторыю ў Беларусі». Пры гэтым адзначаецца, што «прапагандысцкая машына» Лукашэнкі ў 2023 годзе «атрымала 50 млн эўра» і «павінна стаць яшчэ мацнейшай пасьля стварэньня ў студзені 2024 году супольнага расейска-беларускага мэдыяхолдынгу».
Паводле зьвестак «Рэпартэраў бязь межаў», эканамічная ўстойлівасьць незалежных мэдыя больш чым на 90% залежыць ад донарскай падтрымкі, звыш 75% мэдыя «маюць цяжкасьці з аплатай працы сваіх супрацоўнікаў», больш за палову супрацоўнікаў (54%) адпраўляюць у неаплатныя адпачынкі.
«Многія прафэсіяналы былі вымушаныя адправіцца ў выгнаньне, прычым найбольшая хваля эміграцыі была зафіксаваная ў пэрыяд зь лета 2020-га па лета 2021 году, у асноўным у Польшчу і Літву. Аднак гэта не гарантуе бясьпекі журналістаў, якія часам сутыкаюцца зь ціскам на іх сваякоў, якія застаюцца ў краіне, або санкцыямі за іх супрацоўніцтва зь незалежнымі СМІ, унесенымі ўладамі ў сьпіс «экстрэмісцкіх», — зьвяртаюць увагу «Рэпартэры бязь межаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць беларускія незалежныя мэдыя выжыць без грантаў? Тлумачыць мэдыяэкспэртка- Па выніках 2023 году Беларусь заняла 157-е месца сярод 180 краін у сусьветным індэксе свабоды прэсы RSF.
- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваюцца 34 прадстаўнікі СМІ.
- Са сьнежня 2023 году аб праблемах з фінансаваньнем абвясьцілі шэраг беларускіх незалежных мэдыя — Reform.by, Kyky.org, тэлеканал «Белсат», Plan B. 14 сакавіка аб прыпыненьні працы паведаміла беларуская рэдакцыя польскай радыёстанцыі «Радыё Унэт».
- Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе самым складаным у фінансавым пляне для беларускіх незалежных СМІ.
- Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся. Пасьля прызнаньня «экстрэмісцкімі» незалежныя мэдыя страцілі свае звыклыя формы падтрымкі праз рэкляму і праз падпіску. Асноўныя крыніцы даходаў беларускіх мэдыя — донарская, грантавая падтрымка і данаты чытачоў, аўдыторыі — таксама скараціліся.