Беларуская дзяржаўная мэдыцына не зьбіраецца «зачышчаць» канкурэнтаў, але адказнасьць перад пацыентамі мусіць быць аднолькавай, таму ў Беларусі зьбіраюцца павысіць кваліфікацыйныя патрабаваньні да лекараў прыватных мэдцэнтраў, заявіў на «Радыё-Мінск» старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч.
Менчукі задалі чыноўніку пытаньне, ці не зьяўляецца прапанова міністра аховы здароўя Хаджаева зраўняць цэнтры ў прыватных мэдцэнтрах зь дзяржаўнымі спробай дзяржаўнай мэдыцыны «зачысьціць» канкурэнтаў. Ён адказаў, што ў Менску даволі шмат камэрцыйных мэдыцынскіх установаў і «можна гаварыць пра пэўную канкурэнцыю», але палітыка дзяржавы «ў меншай ступені зьвязаная з жаданьнем дзяржсэктару зжыць канкурэнтаў».
«Ніша экстранай мэдыцынскай дапамогі, ніша апэрацыйнай актыўнасьці, безумоўна, усё роўна застаецца ў дзяржсэктары. І львіная доля буйных хірургічных умяшаньняў выконваецца ў дзяржаўнай мэдыцыне абсалютна бясплатна», — сказаў Ігар Юркевіч, дадаўшы, што «у кожнага свая ніша».
Разам з гэтым, паводле яго, адказнасьць прыватнай мэдыцыны перад пацыентам павінна быць такой жа, як і ў дзяржаўнай, таму цяпер абмяркоўваецца зьмяненьне кваліфікацыйных катэгорый лекараў прыватных мэдцэнтраў.
«На сёньняшні дзень там (у прыватнай медустанове. — рэд.) можа працаваць лекар з другой мэдкатэгорыяй, які толькі тры гады адпрацаваў пасьля інстытуту. Пры гэтым часта гэты лекар выконвае хірургічныя ўмяшаньні, якія на высокім узроўні здольны рабіць хірург зь пяці-сямігадовым стажам працы», — заявіў чыноўнік.
Паводле яго, сёньня абмяркоўваецца пытаньне аб тым, што ў прыватных мэдцэнтрах будзе дазволена працаваць толькі лекарам першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыватную мэдыцыну хочуць зрабіць філіялам дзяржаўнай». Дактары пра ідэю зраўняць цэны ў мэдцэнтрах- Раней новы міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў абурыўся занадта высокімі цэнамі ў прыватных мэдцэнтрах і прапанаваў зраўнаць іх зь дзяржаўнымі на заканадаўчым узроўні.
- У 2022 годзе Мінздароўя актыўна правярала прыватныя мэдцэнтры. Прыпынялася праца ня менш як дзевяці зь іх: «Кравіры», «Доктара Нэма», «ПлеядаМэд», «Тры дантысты Плюс», Dental Clinic, «Нардына», «ЛОДЭ», «Клінікі А1», а таксама клінікі «Мэрсі», будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусветнага банку. Большасьць мэдцэнтраў аднавілі дзейнасьць.
- 17 красавіка 2023 году Камітэт дзяржкантролю завёў крымінальную справу ў дачыненьні да ўладальніка і 4 супрацоўнікаў мэдцэнтру «Новы зрок», ім інкрымінавалі нявыплату падаткаў. Мэдцэнтар пасьля заявіў пра спыненьне дзейнасьці сеткі клінік у краіне і выхадзе зь беларускага рынку.
- Толькі ў Менску ва ўстановах аховы здароўя Менску вакантныя пасады 2 300 спэцыялістаў зь сярэдняй мэдыцынскай адукацыяй і 1 300 — з вышэйшай, укамплектаванасьць лекарамі складае 79%, работнікамі зь сярэдняй мэдыцынскай адукацыяй — 74,6%.
- У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.
- Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
- У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў.