19% індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у Польшчы ў 2023 годзе, — грамадзяне Беларусі, вынікае са зьвестак Польскага эканамічнага інстытуту (Polski Instytut Ekonomiczny), заўважыла агенцтва «Позірк».
Агулам статус ІП у Польшчы летась аформілі 7663 беларусы.
Згодна з апублікаванай інфармацыяй, 61% беларускіх ІП зарэгістраваныя ў сфэры інфармацыі і сувязі, «пераважная большасьць», як сьцьвярджаецца, займаюцца «дзейнасьцю, зьвязанай з праграмным забесьпячэньнем».
12% ІП беларусы адкрылі ў сфэры «прафэсійнай, навуковай або тэхнічнай дзейнасьці», 6% — у будаўніцтве.
У 2023 годзе ў беларускім ІТ працавала больш за 88 тысяч чалавек. Гэта на 16%, або на 17,6 тысячы, менш, чым у 2022-м. За 2022–2023 гады беларускі ІТ-сэктар толькі паводле афіцыйных зьвестак страціў больш за 22,5 тысячы чалавек, пісала ў лютым 2024 году devby.io.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз прадпрымальнікаў аб новым законапраекце: дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працу- 21 сакавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў другім чытаньні прыняла законапраект «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці», які, сярод іншага, абмяжоўвае віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік урад будзе вызначаць асобна. Раней паведамлялася: у пераліку ня будзе групавога гандлю, турыстычных і юрыдычных паслуг, арганізацыі і правядзеньня культурных і забаўляльных мерапрыемстваў, некаторых паслуг у галіне ІТ.
- У Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў прыняцьце законапраекту аб прадпрымальніцтве ўспрынялі «са шкадаваньнем». На думку кіраўніка саюзу, «дзясяткі тысяч фізычных асоб у выпадку, калі ім будзе забаронена займацца пэўнымі відамі дзейнасьці, могуць страціць працу», большасьць ІП, «якія гадамі прывыклі працаваць на сябе», вяртацца ў наём не захочуць.
- Паводле падлікаў Мінэканомікі, пасьля перагляду відаў дзейнасьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 да 143,5 тысячы, колькасьць найманых у іх работнікаў — з 64,6 да 47,1 тысячы.
- Задачу мадэрнізаваць фармат працы малога бізнэсу ў чэрвені 2023 году паставіў Аляксандар Лукашэнка. У 2022 годзе ён адзначаў, што айцішнікі і іпэшнікі «былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе», «вываліліся на вуліцы».