Супрацоўнік ФСБ Расеі Сяргей Дубаў гадамі сачыў за прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у Расеі і спрабаваў уплываць на фармаваньне ідэі «адзінага народу» беларусаў і расейцаў. Гэта стала вядома зь ягонай перапіскі, доступ да якой атрымалі журналісты выданьня «Медуза».
Журналісты атрымалі доступ да асабістай перапіскі супрацоўніка ФСБ Сяргея Дубава за 15 гадоў (са сьнежня 2007-га па красавік 2022-га). Зь яе вынікае, што сваю кар’еру ў спэцслужбе ён пачаў з таго, што пад выглядам студэнта ці «зацікаўленага слухача» прыходзіў на імпрэзы, якія адбываліся на тэрыторыі Расеі і ў якіх удзельнічалі прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай дыяспары, слухаў іх выступы і зьбіраў базу карысных кантактаў.
Асноўнай мэтай наведваньня імпрэзаў было ўсталяваньне кантактаў з найбольш уплывовымі людзьмі ў нацыянальных дыяспарах. Так, напрыклад, Дубаў наладзіў кантакт з кіраўніком «Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі» Сяргеем Кандыбовічам (ён пазьней стаў даверанай асобай Пуціна на выбарах 2018 году і ўдзельнікам прэзыдэнцкай Рады ў міжнацыянальных адносінах).
Пазьней, паводле зьвестак «Медузы», Кандыбовіч, па сутнасьці, стаў агентам уплыву супрацоўніка ФСБ. Ён, ведаючы, што Дубаў працуе ў спэцслужбе, шмат гадоў перасылаў яму сваю працоўную перапіску са знаёмымі беларусамі і ўзгадняў зь ім тэксты сваіх выступаў, якія тычыліся ўзаемаадносінаў Беларусі і Расеі.
Адна з асноўных ідэй, якія Дубаў прасоўваў у тым ліку праз Кандыбовіча, — што расейцы і беларусы — «адзін народ». Дубаў наракаў яму, што і ў Расеі, і ў Беларусі «прапагандуюцца эўрапейскія каштоўнасьці», і заклікаў Кандыбовіча часьцей публічна гаварыць пра «спробы нацыяналістычных сілаў сфальсыфікаваць гістарычнае мінулае».
«Мая задача — не дапусьціць размываньня ідэі пабудовы саюзнай дзяржавы», — тлумачыў Дубаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выпытвалі асабістыя зьвесткі, месца жыхарства». Як прапагандыст і спэцслужбы «прапаноўвалі» новыя пашпарты беларусам замежжаПаводле журналістаў, адной з пасьпяховых сумесных апэрацый Дубава і Кандыбовіча стала дыскрэдытацыя польскага журналіста Томаша Мацейчука, які ўдзельнічаў у ток-шоў на дзяржаўных расейскіх тэлеканалах, дзе спрачаўся з прапагандыстамі, адстойваючы праўкраінскі пункт погляду. Кандыбовіч з ухваленьня Дубава напісаў на журналіста данос, што той «распальвае міжнацыянальную варажнечу» — у выніку расейскія ўлады забаранілі журналісту ўезд на тэрыторыю Расеі.
З дапамогай яшчэ аднаго свайго агента, падмаскоўнага журналіста Івана Анісімава, Дубаў уціраўся ў давер да апазыцыйных актывістаў. Так ён, сярод іншага, хацеў «падабрацца» да беларуса Івана Сопава, які адміністраваў у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» пад нікам «Генрых Літвін» суполкі «Балта-Чарнаморскі саюз» і «Гістарычныя і палітычныя спрэчкі». Журналіст Анісімаў заданьне Дубава праваліў, але на вынік «распрацоўкі» гэта не паўплывала — у траўні 2016-га Сопава затрымалі і нават уключылі ў «пералік тэрарыстаў і экстрэмістаў» Расфінманіторынгу (праўда, пазьней выключылі зь яго).
Таксама сачыць за прадстаўнікамі дыяспараў Дубаву дапамагаў мэнэджар кампаніі Positive Technologies Дзьмітры Нагібін, які па просьбе супрацоўніка ФСБ шукаў уразьлівасьці на пэўных сайтах і дапамагаў узломваць пошту і акаўнты пэўных карыстальнікаў сацсетак — тых самых «прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў». Зь перапіскі таксама вынікае, што інфармацыю пра акаўнты (і іх уладальнікаў) Дубаў неаднойчы атрымліваў і наўпрост ад адміністрацыі «ЎКантакце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ выказаўся пра беларуса, затрыманага за дывэрсію на БАМе, і сем беларускіх харугваў у Польшчы