Лідэры Літвы віталі «гістарычную падзею», калі Нямеччына ў панядзелак пачала разьмяшчэньне войскаў у гэтай балтыйскай краіне — чальцы NATO. Упершыню пасьля Другой сусьветнай вайны нямецкія сілы будуць разьмешчаныя за межамі краіны на доўгатэрміновай аснове.
Каля двух дзясяткаў жаўнераў прыбылі ў Літву, заклаўшы базу для таго, каб яшчэ 150 чалавек далучыліся да іх пазьней у гэтым годзе. Чакаецца, што да канца 2027 году разгортваньне дасягне поўнай колькасьці ў 5000 чалавек, піша агенцтва AP.
«Гэта першы выпадак, калі мы пастаянна разьмяшчаем такое падразьдзяленьне за межамі Нямеччыны», — заявіў міністар абароны ФРГ Барыс Пісторыус у Бэрліне на цырымоніі разьвітання з папярэднім камандаваньнем літоўскай брыгады арміі ФРГ, паведамляе нямецкае інфармацыйнае агенцтва dpa. Пісторыус назваў гэта «важным днём для нямецкай арміі».
У літоўскай сталіцы Вільні міністар абароны Лаўрынас Кашчунас заявіў, што гэты крок зьяўляецца «выдатным прыкладам» для ўсіх краін на ўсходнім флянгу NATO, на мяжы з Расеяй і яе саюзьнікам Беларусьсю.
«Мы створым такую архітэктуру абароны і стрымліваньня, што ніводзін праціўнік з Усходу нават не падумае аб праверцы 5-га артыкулу NATO», — сказаў ён журналістам.
Артыкул 5 аб калектыўнай абароне ляжыць у аснове Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы з 32 сяброў альянсу. У ім гаворыцца, што ўзброены напад на аднаго або некалькіх удзельнікаў лічыцца нападам на ўсіх.
Каля 4800 жаўнераў і каля 200 цывільных зь нямецкай арміі будуць пастаянна разьмешчаныя ў Літве, якая ўсё больш непакоіцца з-за агрэсіўных суседзяў.
Згодна з пагадненьнем, Літва рыхтуе ваенныя базы для нямецкай брыгады, якая будзе разгорнутая ў гэтай балтыйскай краіне, якая мяжуе з Калінінградзкім эксклявам Расеі на захадзе і Беларусьсю на ўсходзе.
Нямецкая армія, Бундэсвэр, з 1990-х гадоў прымала ўдзел у доўгатэрміновых апэрацыях за мяжой, спачатку на Балканах, а затым у баявых дзеяньнях у Афганістане. На гэты момант Бундэсвэр паведамляе, што нямецкія салдаты дысьлякаваныя ў Эўропе, Азіі і Афрыцы, а таксама ў Міжземным моры.
Тым ня менш гэта першае пастаяннае аўтаномнае разгортваньне сіл Нямеччыны, а не на ратацыі ў складзе шматнацыянальных сіл.
Кашчунас сказаў, што нямецкая брыгада павінна выйсьці на поўную баяздольнасьць да 2027 году.
«Для нас гэта азначае больш эфэктыўнае стрымліваньне праціўніка і яшчэ большую бясьпеку. Гэта прыклад выключнага лідэрства і прыхільнасьці, бо мы насамрэч бачым калектыўную абарону і адзінства NATO», — дадаў прадстаўнік ваеннага ведамства Літвы Вальдэмарас Рупсіс.
Чакаецца, што да траціны вайскоўцаў прывязуць свае сем’і, паведамляе Міністэрства абароны Літвы.
Пісторыус сказаў, што Нямеччына «зробіць усё магчымае, каб абсталяваць брыгаду так, як яна павінна быць абсталявана з самага пачатку».
Нямеччына абавязалася разьмясьціць у Літве цяжкую брыгаду з трыма манэўранымі батальёнамі і ўсімі неабходнымі сродкамі. Туды будзе перакінуты 203-і танкавы батальён з Паўночнай Рэйн-Вэстфаліі і 122-і бранятанкавы пяхотны батальён з Баварыі.
Чакаецца, што 5 тысяч нямецкіх вайскоўцаў будуць служыць у Рудніках і Рукле, дадаткова іх сем’і будуць жыць у Вільні і Коўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў чатырох абласьцях пачаўся ключавы этап праверкі боегатоўнасьціШто казаў Лукашэнка
2 красавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе свайго наведваньня Горадні выказаўся аб падрыхтоўцы да вайны. Перад гэтым ён заявіў пра Сувальскі калідор, у выніку чаго Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Як адзначаецца на ягоным сайце, у Беларусі рыхтуюцца адпаведныя падразьдзелы, а войскі атрымліваюць розныя віды ўзбраеньня і тэхнікі.
«Калі адтуль (БелТА ўдакладніла, што вядзецца пра „недружалюбныя“ краіны. — РС) нехта падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім усё правільна. Калі нас там пачнуць хваліць — бяда», — падкрэсьліў Лукашэнка.
«Нам ня трэба камусьці пагражаць. Мы ня хочам чужой зямлі. Нам гэту дай Божа апрацаваць», — дадаў ён.
26 сакавіка праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абнародаваў відэазапіс, на якім Аляксандар Лукашэнка вядзе дыялёг з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам у прысутнасьці іншых вайскоўцаў.
«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувальскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?», — запытаў Лукашэнка.
На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў:
«Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?».
«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.
«Паўночна-ўсходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?» — запытаў Лукашэнка.
29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
Саўдзел уладаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.