На гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium адказаў Андрус Кубілюс, дэпутат Эўрапарлямэнту, колішні прэмʼер-міністар Літвы.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Фрагмэнты гутаркі.
- Мы занепакоеныя бясьпекай ва ўсім рэгіёне і павялічваем інвэстыцыі ў сваю абарону, прыцягваем партнэраў па NATO. Якраз цяпер у Літву прыяжджае нямецкая брыгада, будуецца патрэбная інфраструктура. Але для нас першая лінія абароны — гэта Ўкраіна.
- Нам важна ня толькі самім дапамагаць Украіне — мы разам з Эстоніяй першыя ў дапамозе на душу насельніцтва — але нам важна і тое, каб краіны Эўразьвязу і ЗША паднялі гэтую дапамогу на такі ўзровень, які б дазволіў Украіне ўрэшце перамагчы.
- За мінулы год Расея скарыстала для вайны больш за 100 мільярдаў эўра. Украіна скарыстала на сваю абарону 80 мільярдаў, зь якіх 40 мільярдаў — гэта ўкраінскія грошы, а іншыя 40 мільярдаў — заходняя дапамога. Робіцца ясна, што такая дапамога дазваляе Ўкраіне не прайграць, але і не дазваляе перамагчы.
- Нават з гэтай дапамогай у найбліжэйшы час могуць быць праблемы, бо амэрыканцы ня могуць прыняць рашэньне ў сваім Кангрэсе. Гэта значыць, што Эўразьвязу трэба мабілізаваць удвая больш рэсурсаў, чым мы здолелі раней.
- Мы разумеем, што калі Захад ня зможа даць Украіне патрэбнай дапамогі і Ўкраіна пачне прайграваць вайну Пуціну, тады мы можам вельмі хутка стаць наступнай мішэньню.
- У Захаду ўжо зьяўляецца разуменьне, наколькі небясьпечнай для саміх заходніх краінаў была б перамога Пуціна ва Ўкраіне, але пакуль няма яснага пляну, як паспрыяць Украіне перамагчы.
- Я ня бачу нічога, што Лукашэнка мог бы зрабіць самастойна, акрамя заяваў. Але чыста ваенных рашэньняў ён сам прымаць ня будзе.
- Пакуль што мы ня бачым нейкіх крокаў з боку Беларусі і Расеі, каб тыя зьбіралі свае рэсурсы супраць Літвы, як мы бачылі ў 2021 годзе перад агрэсіяй супраць Украіны.
- Мы мусім улічваць, што агрэсія можа ня быць «артадаксальнай» — танкі, артылерыя, напад празь мяжу. Можа быць нешта «гібрыднае», тэрарыстычнае, што заўгодна. Ад гэтага можа быць цяжэй абараняцца. Але гэта павінна падштурхнуць увесь заходні сьвет да разуменьня, што з аўтарытарных рэжымаў вынікае доўгачасовая пагроза і трэба зрабіць усё, каб на гэтай прасторы не засталося такіх аўтарытарных рэжымаў.
- Галоўным трыгерам для такіх пераменаў павінна стаць перамога Ўкраіны. І тут мы бачым розныя погляды. [Прэзыдэнт Францыі] Макрон, як я жартую, ужо прамаўляе як па нашых нататках, але, напрыклад, нямецкі канцлер Шольц выказваецца нашмат асьцярожней. Ён кажа, што Ўкраіна павінна стрымліваць расейскую агрэсію, і тады Пуцін некалі, магчыма, стоміцца і забярэ свае войскі з Украіны.
- Захад дагэтуль баіцца, што калі Ўкраіна пераможа, пуцінскі рэжым каляпсуе, дык што будзе пасьля? Баіцца, што можа быць яшчэ горш.
- Рашэньне пра закрыцьцё яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю прымалася з улікам думкі нашых спэцыяльных службаў. Нашыя спэцслужбы бачаць, што тымі нашымі людзьмі, якія часта выяжджаюць у Беларусь, на беларускай тэрыторыі займаюцца лукашэнкаўскія спэцслужбы. На жаль, у такіх умовах нейкія абмежаваньні кантактаў атрымоўваюцца натуральна.
- З другога боку, мы і далей будзем працягваць і павінны думаць, як узмацніць падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі, у тым ліку тым, хто знайшоў магчымасьць працягваць дзейнасьць у Літве.
- Нашыя спэцслужбы занепакоеныя тым, што сярод нейкіх беларусаў у Літве могуць зьявіцца агенты Лукашэнкі. Такія праблемы ўзьнікаюць, і працы ў нашых спэцслужбаў зьяўляецца больш. Мы разумеем, што Лукашэнка і Пуцін у такі час будуць спрабаваць нешта рабіць.
- Важна, каб пры гэтым нармальна сябе адчувалі тыя беларусы ў Літве, якія ня маюць дачыненьня да агентурнай дзейнасьці. Бо лукашэнкаўскі рэжым спрабуе правакацыямі ствараць эмацыйнае напружаньне сярод літоўскага насельніцтва, сярод беларусаў, сярод расейцаў.
- Для мяне ясна, што тыя пагрозы, якія рэгулярна зьяўляюцца апошнім часам, — гэта правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі. Добра, што нашыя спэцслужбы таксама бачаць, што Лукашэнка спрабуе ствараць напружаньне паміж літоўцамі і беларусамі, каб зьменшыць дапамогу беларускай апазыцыі з боку Літвы. Я спадзяюся, што нашыя спэцслужбы знойдуць магчымасьці, як гэта перадухіляць.
- Пагрозы з боку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі скіраваныя ня толькі на акупацыю нашых тэрыторый, але гэта і спробы акупаваць нашыя сэрцы і розумы, ствараць супрацьстаяньне.
- Я ня бачу ніякай сурʼёзнасьці ў «літвінізьме». Я лічу, што мы, Літва, як краіна Эўразьвязу і NATO, павінны сябе адчуваць моцнай дзяржавай і не паддавацца на нейкія правакацыі.
- З другога боку, мы павінны разумець, што і зь беларусамі, і з украінцамі мы падзяляем гісторыю Вялікага Княства Літоўскага — і перамогамі, і праваламі. Гэтая гісторыя важная ня толькі для нас, але і для тоеснасьці Беларусі, і для Ўкраіны. Я тут ніяк ня бачу, што ў нас нібыта адбіраюць нашую гісторыю. Я якраз бачу, што мы ўсе, хто быў часткай Вялікага Княства Літоўскага, падзяляем адну гісторыю. Тое, што стваралася Скарынам ці некім яшчэ, важна і для беларусаў, і для нас.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.