З адпаведнай заявай ДДБ выступіў у сувязі з «павелічэньнем у апошнія тыдні колькасьці электронных лістоў, якія рассылаюцца літоўскім палітыкам і грамадзкім дзеячам, з пагрозамі ад груп, якія нібыта прапагандуюць ідэалёгію літвінізму».
Спэцслужба таксама адрэагавала на спробы ў сацсетках «завэрбаваць літоўцаў для напісаньня лёзунгаў гэтай ідэалёгіі ў грамадзкіх месцах за грашовую ўзнагароду». На думку ДДБ, «такая дзейнасьць адпавядае асаблівасьцям псыха-інфармацыйных апэрацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэньне панікі ў грамадзтве краіны».
«Пад выглядам літвінізму таксама робяцца спробы дыскрэдытаваць дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі і выклікаць варожнечу літоўскіх грамадзян зь беларусамі, якія жывуць у краіне», — зьвярнула ўвагу ведамства.
Адзначана, што ў дэпартамэнце «адсочваюць працэсы, якія адбываюцца ў новай беларускай дыяспары ў Літве, з мэтай выяўленьня і прадухіленьня рызык і пагроз нацбясьпецы».
На пачатак 2024 году, паводле зьвестак Дэпартамэнту міграцыі МУС, у Літве пражывала 62 165 грамадзян Беларусі. Беларусы былі другой па колькасьці групай іншаземцаў, якія пражываюць у Літве, пасьля ўкраінцаў. Летась у краіну з мэтай пражываньня прыбылі 15 тыс. 817 чалавек, зь якіх 150 — грамадзяне Літвы.
Пры гэтым «у сувязі з узростаньнем пагрозы, якую рэжымы Расеі і Беларусі працягвалі несьці для Літвы», у 2023 годзе літоўскімі ўладамі «праводзіліся розныя мэтавыя мерапрыемствы для кантролю над грамадзянамі гэтых краін».
У прадстаўленым 7 сакавіка штогадовым дакладзе ДДБ і Другога дэпартамэнта апэратыўных службаў Міністэрства абароны сярод іншага гаворыцца аб перасьледах беларускімі спэцслужбамі супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Літвы і аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнка пашырыў выведкавыя апэрацыі за мяжой і ўзмацніў унутраную контрвыведку.
Сьцьвярджаецца, што беларускія выведвальныя службы «нядаўна пачалі ўстанаўліваць і аднаўляць кантакты з чальцамі беларускай дыяспары [у Літве] і вэрбаваць новых агентаў, выкарыстоўваючы сучасныя мэтады аддаленай сувязі».
Некаторыя прадстаўнікі беларускай дыяспары «прапагандуюць радыкальныя палітычныя ідэалёгіі, такія як літвінізм», лічаць у Вільні.
«Мне б вельмі хацелася, каб літоўскі ўрад і спэцслужбы не выкарыстоўвалі беларускае няшчасьце і боль у палітычных мэтах», — такім чынам дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала 8 сакавіка журналістам сьцьвярджэньне спэцслужбаў.
«Мы чакаем і шукаем салідарнасьці. Мы сапраўды заплацілі высокую цану за нашу свабоду і незалежнасьць. Я найперш хацела б, каб літоўцы зразумелі, што адбываецца. Канешне, літоўскія службы павінны выяўляць тых, хто можа працаваць на КДБ. Але я сумняваюся, што такіх шмат», — падкрэсьліла яна.