У прыватнасьці, пасьля 4 месяцаў баёў за горад Хан-Юніс сэктар пакінула 98-я ізраільская дывізія.
У сэктары Газа застаецца толькі адна брыгада. Радыёстанцыя Kan са спасылкай на вайскоўцаў паведамляе, што вывад войскаў не зьвязаны з палітычным ціскам, у тым ліку з боку ЗША.
Haaretz цытуе словы прадстаўніка войска аб тым, што 98-я дывізія падчас баёў разграміла атрады групоўкі ХАМАС у Хан-Юнісе і ў далейшым яе знаходжаньні ў Газе няма апэратыўнага сэнсу.
Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць, што вывелі свае войскі з горада Хан-Юніс на поўдні сэктара Газа, завяршаючы ключавы этап наземнага наступу супраць групоўкі баевікоў ХАМАС і даводзячы прысутнасьць сваіх войскаў на тэрыторыі да аднаго з самых нізкіх узроўняў за шэсьць месяцаў, як пачалася вайна.
Чакаецца апэрацыя ў Рафаху, самым буйным горадзе Газы
Але прадстаўнікі абароны заявілі ў нядзелю, што войскі проста перагрупоўваюцца, пакуль армія рыхтуецца рухацца ў апошнюю крэпасьць Хамаса, Рафах.
Ізраіль на працягу некалькіх тыдняў абяцаў наземны наступ на суседні Рафах, піша агенцтва AP. У горадзе пражывае каля 1,4 мільёна чалавек – больш за палову насельніцтва Газы. Пэрспэктыва наступу выклікала глябальную трывогу, у тым ліку з боку галоўнага саюзьніка Ізраіля, ЗША, якія запатрабавалі ўбачыць надзейны плян абароны грамадзянскага насельніцтва.
Ваенныя чыноўнікі Ізраіля, якія пажадалі застацца неназванымі ў адпаведнасьці з армейскай палітыкай, заявілі, што ў Газе застаюцца «значныя сілы», якія працягваюць мэтанакіраваныя апэрацыі.
Вайна пачалася 7 кастрычніка, калі баевікі пад кіраўніцтвам ХАМАС уварваліся на поўдзень Ізраіля, забіўшы каля 1200 чалавек, у асноўным мірных жыхароў, і ўзяўшы ў закладнікі каля 250 чалавек.
Шэсьць месяцаў таму, 7 кастрычніка 2023 году, палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, з тэрыторыі сэктара Газа напала на памежныя раёны Ізраіля. Падчас нападаў забілі каля 1200 чалавек, захапілі каля 250 закладнікаў. Ізраіль у адказ на напад пачаў бамбаваньне сэктару Газа, а затым і наземную апэрацыю. Яе мэтай абвясьцілі разгром ХАМАС і пазбаўленьне групоўкі кантролю над Газай, а таксама вызваленьне закладнікаў.
Праз шэсьць месяцаў баёў ХАМАС захоўвае кантроль над часткай тэрыторыі сэктару, у прыватнасьці над горадам Рафах у яго паўднёвай частцы. Там жа знаходзіцца большая частка мірных жыхароў — палестынцаў, вымушаных эвакуавацца зь іншых раёнаў.
Улады Ізраіля паведамлялі аб падрыхтоўцы апэрацыі супраць ХАМАС у Рафаху, аднак многія краіны свету, уключаючы ЗША, выступаюць у гэты момант супраць такой апэрацыі, указваючы на неабходнасьць гарантаваць бясьпеку мірных жыхароў. Ізраільскія вайскоўцы ўказваюць на тое, што з вывадам войскаў з Хан-Юніса палестынцы могуць вярнуцца ў гэты горад з Рафаха. Па дадзеных палестынскага боку, за шэсьць месяцаў баёў у сэктары Газа загінулі больш за 33 тысяч жыхароў. Ізраільскі бок сьцьвярджае, што было забіта ня менш за 12 тысяч баевікоў ХАМАС.
Незалежнага пацьверджаньня паведамленьням аб ахвярах няма. Страты ізраільскага войска за паўгода склалі каля 600 чалавек, зь іх каля 260 загінулі ў сэктары Газа пасля пачатку наземнай апэрацыі. Таксама ізраільскія вайскоўцы пацьвярджаюць гібель 34 закладнікаў. Па іх падліках, у жывых у закладніках застаюцца 95 чалавек. Больш за 100 былі вызваленыя падчас замірэньня ў лістападзе. Апошнія раўнды перамоваў аб спыненьні агню і вызваленьні закладнікаў вынікаў пакуль не прынесьлі.
Раней у суботу Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) заявіла, што вайскоўцы вярнулі цела закладніка Элада Кацыра, які знаходзіўся ў палоне радыкальнай палестынскай групоўкі «Ісламскі джыгад». У ЦАХАЛ мяркуюць, што яго забілі ў сярэдзіне студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ізраілі масавыя пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі Нэтаньяху ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураджэнец Беларусі абраны новым вайсковым сакратаром прэм’ер-міністра ІзраілюВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.