Як паведаміла агенцтва BNS, зь сёньняшняга дня пачынаецца перакідваньне нямецкай брыгады ў Літву.
Як паведаміла агенцтву Мінабароны Літвы, першыя 20 вайскоўцаў прыбываюць 8 красавіка, каб «адказваць за плянаваньне перакідваньня брыгады ў Літву і ўзгадняць патрабаваньні да вайсковай інфраструктуры».
Сёлета ў кастрычніку чакаецца прыбыцьцё яшчэ 150 нямецкіх вайскоўцаў, пра гэта сказаў у эфіры радыёстанцыі LRT міністар абароны Лаўрынас Кашчунас.
Ён паведаміў, што асноўная частка брыгады прыбудзе ў Літву з 2025 году, а поўнай апэратыўнай магутнасьці плянуецца дасягнуць у 2027 годзе. Стварэньне неабходных для брыгады ўмоў абыдзецца ў 800 млн эўра штогод.
Нямеччына абавязалася разьмясьціць у Літве цяжкую брыгаду з трыма манэўранымі батальёнамі і ўсімі неабходнымі сродкамі. Туды будзе перакінуты 203-і танкавы батальён з Паўночнай Рэйн-Вэстфаліі і 122-і бранятанкавы пяхотны батальён з Баварыі.
Чакаецца, што ў Літву прыбудуць каля 5 тысяч нямецкіх вайскоўцаў. Іх месцамі службы будуць Рудніках і Рукле, дадаткова сем’і будуць жыць у Вільні і Коўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Euronews: Нямеччына пачынае рыхтаваць войска да вялікай вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада павялічвае свой вайсковы кантынгент у Латвіі для ўзмацненьня бясьпекі ў Эўропе