МУС Расеі падало пазоў аб спагнаньні 1,5 мільёна з былых супрацоўнікаў УУС, якія падкінулі наркотыкі журналісту Івану Галунову, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале адвакат Сяргей Бадамшын.
Гэтую суму раней спагналі з МУС Расеі на карысьць Галунова ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Расейскага журналіста інтэрнэт-выданьня «Медуза» Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня 2019 па падазрэньні ў захоўваньні наркотыкаў, якое аказалася цалкам беспадстаўным: наркотыкі Галунову падкінулі. Калегі Івана лічылі, што справу супраць яго маглі сфабрыкаваць з прычыны ягоных расьсьледаваньняў. Пасьля гэтага пачалася маштабная кампанія ў ягоную падтрымку, і праз пяць дзён Галунова выпусьцілі, пасьля перад ім ад імя Расейскай Фэдэрацыі папрасіла прабачэньня Генпракуратура.
Праз паўгоду былі затрыманыя пяць паліцыянтаў, якія падазраваліся ў фальсыфікацыі доказаў супраць Галунова. Іх абвінавацілі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, у тым ліку з ужываньнем гвалту, фальсыфікацыі доказаў і вынікаў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і незаконным захоўваньні наркотыкаў. Сьледзтва палічыла экс-супрацоўнікаў паліцыі арганізаванай злачыннай групай.
У траўні 2021 суд прызначыў двум паліцыянтам па 8 гадоў калёніі, аднаму – 12 і аднаму – 5. Суд таксама задаволіў грамадзянскі пазоў Галунова да былых паліцыянтаў аб пакрыцьці маральнай шкоды па адным мільёне рублёў з кожнага.
Аднак у сакавіку 2022 суд зьмякчыў пакараньне чатыром паліцыянтам на шэсьць месяцаў, аднаму – на дзевяць месяцаў. У чэрвені 2023 суд замяніў пакараньне тром зь іх з пазбаўленьня волі на прымусовыя працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін звольніў двух генэралаў у сувязі са справай журналіста Галунова