На Зямлю вярнуліся беларуская касманаўтка Марына Васілеўская, касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі, а таксама ўдзельніца 70-й працяглай экспэдыцыі астранаўт NASA Лорэл О’Хары. Самаадчуваньне экіпажу «Саюз МС-24» пасьля прызямленьня на Зямлю нармальнае, абвясьцілі ў Цэнтры ўпраўленьня палётамі, піша БелТА.
Васілеўскую з капсулы дасталі апошняй. «Я жадаю ўсім людзям на Зямлі, каб яны шанавалі і бераглі ўсё тое, што мы маем», — сказала яна журналістам пасьля прызямленьня. Трансьляцыя пасадкі.
Марына Васілеўская правяла ў космасе 14 дзён.
Раніцай 6 красавіка касьмічны карабель «Саюз МС-24» адстыкаваўся ад модуля. На 9.24 па менскім часе было заплянаванае ўключэньне рухавіка карабля для зьвядзеньня з арбіты, у 9.52 — падзел на адсекі, а ў 9.54 — уваход апарата, які спускаецца, у атмасфэру. У 10.03 быў уведзены асноўны парашут.
Зьвядзеньне касьмічнага карабля з арбіты і спуск на Зямлю прайшлі штатна, паведаміў «Раскосмас».
Пасадка апарата адбылася ў Казахстане ў стэпе, у раёне населеных пунктаў Джэзказган і Аркалык. Для гарантаваньня бясьпечнай пасадкі на месцы былі спэцыялісты мэдыцынскай службы Ўзброеных сіл Расеі, расейскія лётчыкі і наземныя пошукава-ратавальныя групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі каштаваў палёт беларускі Васілеўскай у космас і хто яго фінансаваў- 25 сакавіка расейскі касьмічны карабель «Саюз МС-25» правёў пасьпяховую стыкоўку зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй. Ракета з караблём стартавала з Байканура 23 сакавіка. Першую спробу старту 21 сакавіка ў апошні момант перанесьлі з тэхнічных прычын.
- На борце карабля знаходзіцца першая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўтка Марына Васілеўская. Камандзір экіпажу «Саюза МС-25» — расейскі касманаўт, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, бортынжынэр — амэрыканская астранаўтка Трэйсі Колдуэл-Дайсан (яна Колдуэл-засталася працаваць на станцыі да верасьня 2024 году).
- Марына Васілеўская, якую выбралі для палёту на МКС, з 2017 году працуе ў авіякампаніі «Белавія» бортправадніцай. Летась у сьнежні яна пасьпяхова прайшла выпрабаваньні на цэнтрыфузе, дзе перанесла васьмікратную перагрузку.
- На МКС Марына Васілеўская займалася выкананьнем навуковай праграмы беларускага касманаўта, распрацаванай Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Роскосмосом» і Расейскай акадэміяй навук. Яна ўключае 7 мэтавых работ — 5 навукова-дасьледчых і 2 адукацыйныя праекты. Навуковыя дасьледаваньні — галіне біялёгіі, фізыялёгіі, аўтаномнага функцыянаваньня касьмічных станцый, дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі з выкарыстаньнем фота- і відэаспэктральнай апаратуры беларускай вытворчасьці, якая знаходзіцца на МКС. Таксама Васілеўская дасьледавала ляктафэрын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстаньня ў стварэньні прадуктаў харчаваньня для касманаўтаў.