Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі каштаваў палёт беларускі Васілеўскай у космас і хто яго фінансаваў


Беларуска Марына Васілеўская падчас трэнінгу перад палётам у космас
Беларуска Марына Васілеўская падчас трэнінгу перад палётам у космас

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што палёт Марыны Васілеўскай у космас абышоўся б Беларусі ў 70 мільёнаў даляраў, але яго фінансаваньне ўзяла на сябе Расея.

«Пуцін малайчына, дапамог. Яны прафінансавалі падрыхтоўку і запуск. Гэта, я вам скажу, нятаннае мерапрыемства. Абышлося б у 70 млн даляраў, гэты палёт. Яны малайцы, уключылі ў склад сваіх, падрыхтавалі нашых дзяўчатак», — заявіў Лукашэнка.

Праўда, днямі прапагандыст Юры Васкрасенскі казаў, што «касьцюм, пашыты для Марыны Васілеўскай, каштуе 880 тысяч беларускіх рублёў, гэта пяць аднапакаёвых кватэр у Менску», але «гэта тое, што дазваляе дзяржаве стаць цывілізаванай і ўвайсьці ў клюб вялікіх дзяржаў». Зь ягоных словаў выглядае, што прынамсі скафандар быў набыты за кошт беларускага боку.

Таксама Лукашэнка прыгадаў, як дамаўляўся з кіраўніком «Роскосмоса» пра запуск касманаўта. Зь яго словаў вынікае, што ініцыятарам таго, каб ад Беларусі паляцела менавіта жанчына, быў ня сам Лукашэнка, які называе сябе «жаночым прэзыдэнтам», а былы кіраўнік «Роскосмоса» Дзьмітрый Рагозін.

«Мы неаднойчы абмяркоўвалі гэтую праблему. Ён (Рагозін. — Рэд.) кажа: „Вось бы нядрэнна, калі б у вас жанчына паляцела“. Не пытаньне. Трэба — і дзве, і тры, і пяць і шэсьць паляцяць», — заявіў Лукашэнка.

  • Расейскі касьмічны карабель «Саюз МС-25» 25 сакавіка правёў пасьпяховую стыкоўку зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй. Ракета з караблём стартавала з Байканура 23 сакавіка. Першую спробу старту 21 сакавіка ў апошні момант перанесьлі з тэхнічных прычын.
  • На борце карабля знаходзіцца першая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўтка Марына Васілеўская. Камандзір экіпажу «Саюза МС-25» — расейскі касманаўт, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, бортынжынэр — амэрыканская астранаўтка Трэйсі Колдуэл-Дайсан.
  • Плянуецца, што Васілеўская і Навіцкі прабудуць на МКС 12 дзён. Яны вернуцца з арбіты на караблі «Саюз МС-24» разам з Лорэл Эшлі О’Хара (ЗША), а Колдуэл-Дайсан застанецца працаваць на станцыі да верасьня 2024 году.
  • Марына Васілеўская, якую выбралі для палёту на МКС, з 2017 году працуе ў авіякампаніі «Белавія» бортправадніцай. Летась у сьнежні яна пасьпяхова прайшла выпрабаваньні на цэнтрыфузе, дзе перанесла васьмікратную перагрузку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG