Ідэалягічнай апрацоўкі ў школах Беларусі будзе яшчэ больш — у пачатковых клясах уводзяць факультатыў «Азбука маральнасьці». І ня варта спадзявацца, нібыта гэта нейкая нэўтральная падзея, бо ў рэальнасьці гэта яшчэ адзін спосаб падвысіць ідэалягічны ціск на дзяцей і іх бацькоў.
На занятках, якія цяпер заяўленыя як факультатыў, то бок не абавязковыя для наведваньня, школьнікаў другой і трэцяй клясы будуць вучыць, як паводзіць сябе, калі грае дзяржаўны гімн, якімі героямі былі савецкія вайскоўцы і як паважаць чужую працу. Вы можаце сказаць, што хадзіць на гэтыя заняткі не абавязкова, але ў рэальнасьці гэта будзе лятарэя — нейкія школы пакінуць гэта як фармальнасьць, за якую трэба мінімальна адсправаздачыцца, а іншыя будуць выслужвацца па поўнай.
Лёгіка разьвіцьця дзяржаўнага тэрору ў Беларусі падказвае, што тых, хто вырашыць выслужвацца, будзе куды больш. Зрэшты, БРСМ — гэта фармальна таксама арганізацыя, у якую ўступаюць добраахвотна. І ўнёскі ў Чырвоны крыж павінны быць добраахвотнымі. Але рэальнасьць троху адрозьніваецца ад таго, што напісана ў законе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі Беларусі ўвяло факультатыў «Азбука маральнасьці» для школьнікаў малодшых клясаўДаўно мінулі тыя часы, калі для больш-менш спакойнага жыцьця дастаткова было не выступаць актыўна супраць рэжыму Лукашэнкі. Цяпер трэба паказваць максымальную ляяльнасьць і спадзявацца, што яна будзе добра ацэнена. Таму трэба разумець: вучыць дзяцей, што такое добра і што такое дрэнна, будуць ідэалягічна правераныя настаўніцы і настаўнікі. Вельмі хочацца верыць, што сярод іх ёсьць і партызаны, але ў цэлым сытуацыя выглядае прыкра.
Яшчэ ў 2020 годзе Лукашэнка загадаў пакінуць у школах толькі ідэалягічна верных людзей, і зь цягам часу сытуацыя ўсё пагаршалася. Дайшло нават да таго, што Ліцэй БДУ плянуюць назваць ліцэем імя Фэлікса Дзяржынскага. А ў 2023 годзе, паводле намесьніка міністра адукацыі Калдубая, асабліва кантраляваць сталі і падручнікі па гісторыі і геаграфіі, і настаўніц з настаўнікамі, якія гэтыя дысцыпліны выкладаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі: нельга здымаць на відэа настаўнікаў у ганебных абставінахВось і атрымліваецца, што вучыць дзяцей маральнасьці будуць тыя людзі, якія актыўна падтрымліваюць дзяржаўны тэрор у Беларусі. Будуць сярод іх і тыя, хто фальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары ў 2020-м і зьбягаў з участкаў праз вокны, маючы падтрымку міліцыі і адмаўляючыся адкрыта дэманстраваць вынікі галасаваньня. Людзі, якія сваімі рукамі праклалі сьцежку да цяперашняй катастрофы, калі ў краіне амаль 1400 толькі прызнаных палітвязьняў. Людзі, якія не гатовыя браць адказнасьць за свае дзеяньні і апраўдваюць сябе тым, што ў іх не было выбару, яны проста выконвалі загад і ўвогуле што можа зьмяніць просты чалавек. Гэтыя людзі будуць яшчэ больш апрацоўваць дзяцей ідэалягічна. І рабіць выгляд, што ўмеюць адрозьніваць дабро і зло.
Бацькам жа ў гэтым усім можна толькі пажадаць сілаў і магчымасьцяў адстаяць сваіх дзяцей. І гэта міне.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.